Старшыню АГП будуць судзіць за тое, што адмовіўся сведчыць супраць сябе
Старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова будуць судзіць за адмову даваць сведчанні супраць сябе. Такі вынік яго паходаў на допыты ў Следчы камітэт.
Экс-падпалкоўніка міліцыі Казлова тройчы выклікалі па крымінальнай "справе Каардынацыйнай рады" — 30 снежня, 5 і 12 студзеня. Кожны раз, як піша "Наша Ніва", апазіцыйны палітык адмаўляўся даваць паказанні, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі — нікога нельга прымусіць даваць паказанні супраць самога сябе. Таксама ён адмовіўся падпісваць абавязальніцтва аб неразгалошванні.
"Допыты праходзяць з адзінай мэтай, каб наторгаць нейкіх цытат, а з іх зляпіць абвінавачванне", — мяркуе Казлоў.
Урэшце на допыт 12 студзеня прыйшоў участковы Партызанскага раёна Мінска. Ён забраў старшыню АГП і яго адваката ў апорны пункт міліцыі ды склаў адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне. Так участковы ацаніў адмову даваць сведчанні.
Суд над Казловым прызначаны на 11:00 15 студзеня. Яму пагражае штраф або 15 сутак зняволення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.