"Страшна расказаць, што адбывалася дома. Думала, так усе жывуць"

"Страшна расказаць, што адбывалася дома. Думала, так усе жывуць"

Як змагацца з хатнім гвалтам і што рабіць, калі вы сталі ахвярай? Пра гэта — у парадах пацярпелых, юрыстаў і псіхолагаў.

 

"Галоўнае — расказаць каму-небудзь"

"Мне страшна было расказаць іншым, што адбываецца ў мяне дома. Думала, так усе жывуць", — пачынае Аляксандра. Ёй не дасі больш за 30 гадоў, высокая, з правільнымі рысамі твару, падчас размовы яе перажыванні выдаюць толькі вочы. Жанчыне ўдалося даказаць у судзе вінаватасць свайго мужа па адным эпізодзе: траўма калена. Паводле Крымінальнага кодэкса — лёгкае цялеснае пашкоджанне. Але гэта толькі адзін з эпізодаў. Прычынай разводу, зваротаў у міліцыю і суд, па словах Аляксандры, стаў шматмесячны сэксуальны і фізічны гвалт з боку былога мужа.

"Страшна расказаць, што адбывалася дома. Думала, так усе жывуць"

Пасля чарговага інцыдэнту, калі суседзі выклікалі міліцыю, я ўзяла чацвярых дзяцей і з'ехала.

Аляксандра - ахвяра хатняга гвалту

Былому мужу было ўсё роўна, ці спяць дзеці, па словах Аляксандры, яму падабалася, калі яна на каленях прасіла спыніць гвалт.

"Мяне ўратавала тое, што я сказала родным, пасля сябрам. Я баялася, што мяне за нешта асудзяць. У маім выпадку партнёр забіраў у мяне сродкі сувязі, каб я не магла ні з кім звязацца. У мяне было адчуванне, што страшнейшай за маю сітуацыі не бывае. Таму трэба звяртацца да псіхолага. Абавязкова пісаць заяву ў міліцыю, каб былі задакументаваныя інцыдэнты. Бо муж казаў: я яе не збіваў, у яе цела схільнае да з'яўлення сінякоў, я толькі хапаў яе за рукі. Гэта яна сама".

Тым, хто сутыкаецца з хатнім гвалтам, яна раіць:

1) Напісаць на цыдулцы ўсе нумары блізкіх і сяброў

2) Расказаць пра выпадкі гвалту блізкім, яны дапамогуць

3) Не слухаць асуджэнняў

4) Не баяцца змяніць жыццё

 

"Трэба адразу шукаць добрага юрыста!"

Лізавета пражыла з мужам сем гадоў. Ужо праз два гады, па яе словах, ён стаў агрэсіўным ў дачыненні да яе, а пасля да іх дачкі.

"Першы час я баялася выклікаць міліцыю, бо не хацела траўмаваць дачку. Але пасля зразумела, што ад страшных скандалаў яна пацерпіць больш. Праз нейкі час я ўбачыла, што ён адчувае сябе беспакарана. Ён увесь час шукаў негатыў, былі праблемы з працай і з самарэалізацыяй. Ён стаў агрэсіўным, пачаў вінаваціць у гэтым усіх, у тым ліку мяне. Крычаў маты ў твар трохгадоваму дзіцяці. Не валодаў сваімі эмоцыямі проста", — распавядае Лізавета.

Пераломны момант у яе жыцці — калі фізічны гвалт дайшоў да іх агульнай дачкі. У выніку суд на тры месяцы забараняў дачцэ бачыцца з бацькам. Але па словах Лізаветы, яна не хоча яго бачыць дагэтуль.

Тым, хто сутыкнуўся з хатнім гвалтам, яна раіць:

1) Звярнуцца да юрыстаў

2) Не баяцца асуджэння

3) Звярнуцца ў органы апекі, каб гэта не паспеў зрабіць муж і не распавёў іншую гісторыю

4) Па кожным выпадку гвалту звяртацца ў міліцыю

 

"На хатні гвалт скардзяцца і мужчыны"

Псіхолаг з 15-гадовым стажам Іна Саленіковіч прымае званкі на гарачую лінію ад пацярпелых ад хатняга гвалту. Тым, хто сутыкнуўся з праблемай, яна раіць найперш прадумаць план адступлення і кодавае слова для блізкіх.

"Трэба прадумаць, куды і як ісці ў экстраннай сітуацыі. Сабраць торбачку з рэчамі, забіць у тэлефон нумар міліцыі і блізкага чалавека, з якім абгаварыць кодавае слова, калі вы не зможаце нармальна размаўляць. Калі б'юць ці пагражаюць — трэба званіць у міліцыю. Людзі вельмі саромеюцца гэтага, таму трэба парушаць гэтае маўчанне, распавесці родным, звярнуцца на гарачую лінію", — апісвае Іна.

Вытокі хатняга гвалту — у сям'і агрэсара: значыць, там нехта так рабіў і гэта лічылася нормай. На гэта не ўплывае ні сацыяльны статус, ні адукацыя. У канфлікце, як правіла, вінаватыя абодва партнёры, тлумачыць псіхолаг:

"Вінаватыя абодва звычайна. Але гэта не дае дазволу на фізічны гвалт, на прыніжэнні. Нешта не падабаецца ў адносінах — шукайце псіхолага ці наогул расставайцеся. Бо ў нас жа не прынята звяртацца да спецыялістаў".

На інфалінію да Іны звярталіся і мужчыны, якія таксама скардзіліся на фізічны гвалт з боку жонак. Але ніводнага разу не звярнуўся агрэсар, каб яму дапамаглі спецыялісты.

 

Кожнае трэцяе забойства ў сям'і здзяйсняе жанчына

Самы страшны фінал сямейных скандалаў — забойства ці цяжкія цялесныя пашкоджанні. Па статыстыцы МУС, сёлета на глебе сямейных канфліктаў забілі 96 чалавек. Летась — 103. Траціна такіх забойстваў — справа рук жанчыны, найчасцей іх даводзяць да гэтага.

"Страшна расказаць, што адбывалася дома. Думала, так усе жывуць"

"Спачатку ідзе агрэсія з боку мужа ці сужыцеля. Жанчына спрабуе абараніць сябе. Разумеючы, што яе зараз будуць жорстка біць, яна хапае нож — і далей ужо цяжкае цялеснае пашкоджанне ці смерць", — прыводзіць прыклад канфлікту начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей.

Пры гэтым у іншых правапарушэннях на глебе сямейных канфліктаў вінаватыя толькі 5% жанчын.

Юрыст Ларыса Тарасевіч-Бурак, загадчыца юрыдычнай кансультацыі Заводскага раёна Мінска, раіць адсочваць справу да канца, калі жанчына звярнулася ў міліцыю з заявай. Калі няма магчымасці плаціць штраф і гэты грашовы цяжар ляжа на яе, трэба прасіць для агрэсара адміністрацыйнага арышту.

“Яны выклікаюць міліцыю. А праз пару гадзін забіраюць заяву. Калі ўжо ўзялася за справу, яе трэба даводзіць да канца. Пасля трэба ісці на медыцынскую экспертызу і ў залежнасці ад цяжкасці пашкоджанняў караць вінаватага. За працэсам таксама варта сачыць, калі суддзя абірае меру пакарання. Бо акрамя штрафаў ёсць арышт”, — апісвае Ларыса Тарасевіч-Бурак.

Акрамя адміністрацыйнай ёсць крымінальная адказнасць за хатні гвалт: за наўмысныя лёгкія цялесныя пашкоджанні могуць даць тэрмін. Гэта калі пашкоджанні сталі вынікам бальнічнага. Такіх спраў, па словах юрыста, вельмі шмат.

У Адміністрацыйным кодэксе ёсць нават адказнасць за псіхалагічны гвалт. Але такіх спраў зусім мала.

За 10 месяцаў гэтага года ў выніку хатняга гвалту пацярпелі 1984 асобы. З іх 1509 — жанчыны, 475 — мужчыны.

"Страшна расказаць, што адбывалася дома. Думала, так усе жывуць"

Усе імёны пацярпелых ад хатняга гвалту змененыя па іх просьбе.

Кантактны нумар тэлефона для пацярпелых ад хатняга гвалту — агульнанацыянальная гарачая лінія  8801 100-88-01.

Кантактны нумар тэлефона для размяшчэння ў прытулак для жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту, — 8029 610-83-55.

Агульнанацыянальная дзіцячая лінія — 8801 100-16-11.

За дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу дзякуем арганізацыям "Гендарныя перспектывы" і "Радзіслава".

Фота: pravo.bybobr.bysun-hands.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі