Стваральнікі ружовых чалавечкаў правядуць экскурсію па Streewalker gallery

Памятаеце "Уварванне" ў Мінск ружовых чалавечкаў? Калі яны лазілі па слупах, перакрывалі рух на праспекце Незалежнасці, кідаючыся на капоты аўто, і абдымаліся з мінакамі? Ружовыя чалавечкі былі акцёрамі славенскага вулічнага тэатру "Kud Ljud", якім кіруе Яша Енуль.


У межах Другога Мінскага форуму вулічных тэатраў, які пройдзе 10-11 траўня, Яша збіраецца прадставіць новы праект "Streewalker gallery" ("Галерэя пад адкрытым небам"). На жаль, з-за фінансавых абмежаванняў у Мінск не змагла прыехаць уся тэатральная каманда Яшы, таму рэжысёр запрашае ўсіх ахвочых узяць удзел у падрыхтоўцы праекта.


"Гэта спектакль адкрытай формы. Гэта не аўтарскі, а калектыўны спектакль. І тут любая дапамога, любы чалавек, які прыйдзе ў любы момант працы, можа ўнесці нешта цікавае і адметнае. І спектакль ад гэтага стане яшчэ цікавейшым і больш выбітным", — тлумачыць каардынатар праекта з беларускага боку Аляксей Стрэльнікаў.


"Streewalker gallery" задуманая ў сучасным кірунку site-specific, калі мастацкі вобраз адштурхоўваецца ад пэўнага асяроддзя.


"У дадзеным спектаклі асяроддзем з'яўляецца сам горад з ягон адметнасцямі, шнарамі, недасканаласцямі, — працягвае Аляксей. — Па форме гэта экскурсія, гэта спроба ўдзельнікаў і гледачоў звярнуць увагу на горад, у якім мы жывем, на нейкія аб'екты, з'явы, адметнасці, міма якіх мы праходзім як міма чагосьці звыклага. А яны насамрэч могуць быць вельмі цікавымі".


Сам Аляксей у праекце выступіць у ролі гіда-экскурсавода. Яму патрэбныя памочнікі, якія будуць узаемадзейнічаць з публікай, і якія такім чынам атрымаюць досвед гуртавой імправізацыі, вулічнага інтэрактыву і пазнаёмяцца з методыкай працы "Kud Ljud".


Экскурсіі па "Галерэі пад адкрытым небам" пройдуць 10 траўня ў 11.00 і 19.00 і 11 траўня ў 11.00. Месца правядзення экскурсіі арганізатары трымаюць у сакрэце. Стаць удзельнікам праекта можна, напісаўшы на адрас [email protected] ці патэлефанаваўшы на нумар: +375 44 748 48 25 Аляксей, +375 29 562 82 38 Уладзімір. Колькасць "удзельніцкіх" месцаў абмежаваная.


Праўда, Аляксей запэўнівае, што калі жадаючых будзе больш, чым мяркуюць стваральнікі "галерэі", колькасць паказаў павялічыцца. Да таго ж, Стрэльнікаў падкрэслівае, што праектам кіруюць славенцы, але робіцца ён ў асноўным беларускай камандай. Таму пры станоўчай рэакцыі публікі ў будучым усё можна будзе паўтарыць і сваімі сіламі.

Фота: streetwalker.si


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі