Стыпендыі ў еўрапейскіх універсітэтах для беларусаў
Беларусы могуць атрымаць стыпендыю Erasmus Mundus, калі хочуць распачаць навучанне ў адным з універсітэтаў у Еўропе.
Прапанаваныя для навучання ўніверсітэты ўваходзяць у склад аб’яднання EMINENCE (у Польшчы гэта ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані). Праграма, акрамя штомесячнай стыпендыі, пакрывае выдаткі на страхоўку, аплату за навучанне, а таксама кошты падарожжаў да і з месца пражывання.
Перадусім стыпендыя будзе прызначаная для так званай групы TG3 (асобы, якія зазнаюць палітычны пераслед, якіх выключылі з-за палітычнай і грамадскай актыўнасці з універсітэту, палітычныя ўцекачы і г.д.).
Стыпендыя будзе скіраваная для атрымання ступені бакалаўрыята (максімум 36 месяцаў) ці магістратуры (максімум 24 месяцы).
Падрабязнасці можна пабачыць тут і тут.
Заяўнік мусіць мець статус уцекача (міжнародны статус уцекача або ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам адной з еўрапейскіх краін );
Заяўнік мусіць мець палітычны прытулак (міжнародны або ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам адной з еўрапейскіх краін);
Заяўнік можа даказаць, што ён/яна быў/ла аб'ектам неабгрунтаванага выключэння з універсітэта па расавых, этнічных, рэлігійных, палітычных матывах, палавой дыскрымінацыі або сэксуальнай арыентацыі;
Заяўнік належыць да нейкай нацыянальнай ці этнічнай групы і церпіць ад рэалізаванай нацыянальнай палітыкі ў краіне ці стаў ахвярай перасялення з-за нацыянальнай прыналежнасці.
Заяўнік павінен мець:
— Атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы, які дае права на пачатак навучання ва ўніверсітэтах Еўропы (поўны бакалаўрыят — ВА) або
— Бакалаўрыят (ВА) або эквівалент дыплома, які дае права на пачатак навучання ў магістратуры (поўны магістарскі дыплом — MA) або
— MA або эквівалент дыплома, які дае права на пачатак дактарантуры ў Еўропе (поўны PhD), або павінен быць залічаны ў аспірантуру ў сваёй краіне, каб мець магчымасць працягнуць аспірантуру ва ўніверсітэце краін ЕС (PhD максімум 36 месяцы).
Дэдлайн падачы заявак — 13 снежня 2013 года.