Суд разгледзіць крымінальную справу Ірыны Халіп

Матэрыялы справы нядаўна накіравала ў суд крымінальна-выканаўчая інспекцыя Партызанскага РУУС Мінска.



Адтэрміноўка прысуду журналістцы мінае 21 ліпеня. Паводле слоў Халіп, суд павінен вырашыць, вызваліць яе, адправіць у калонію ці пакінуць у тым жа статусе яшчэ на нейкі тэрмін, інфармуе БелаПАН.



Нагадаем, Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, у траўні 2011 года была прызнаная вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках пасля выбараў 19 снежня 2010 года і асуджана на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Яна не мае права пакідаць Мінск, павінна кожны тыдзень адзначацца ў міліцыі і быць дома пасля 22.00.



Між тым Аляксандр Лукашэнка неаднаразова (у інтэрв’ю брытанскім журналістам 9 кастрычніка 2012 года, на прэс-канферэнцыі 15 студзеня 2013 года) казаў пра тое, што Халіп можа выязджаць з краіны, і абяцаў арганізаваць ёй такую магчымасць. У прыватнасці, 15 студзеня ён заявіў: “Калі вы хочаце яе кудысьці павезці, заўтра ідзіце да генеральнага пракурора. У мяне ёсць адпаведныя паўнамоцтвы, вы яе забераце і павезяце. Але яна не паедзе”. Паводле слоў Лукашэнкі, “Ірына — недурная жанчына, яна выдатна разумее: сёння яна ахвяра рэжыму, заўтра пра яе забудуць. Вось, пэўна, таму яна і не з’ехала”.



13 лютага Халіп дазволілі выезд у Вялікабрытанію для сустрэчы з мужам і ў Расію для ўдзелу ў рэдакцыйных мерапрыемствах “Новой газеты”, дзе яна працуе. Яна вярнулася ў Беларусь 3 красавіка, у адведзены нагляднымі органамі тэрмін.

Фота: Bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі