Суразмоўцы 2013 года: ад сенатараў і палітыкаў да памілаванага смяротніка
Удалым на сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі выдаўся асабіста для мяне адыходзячы 2013 год. Якія падчас шчырых размоў адкрылі шмат нечаканых цікавостак.
Прабяжымся па амаль ужо леташніх інтэрв’ю разам?
У самым пачатку года, калі толькі пачалі абмяркоўваць магчымасць канфіскацыі аўто ў нецвярозых кіроўцаў, мы даведаліся, хто быў тым “разумнікам”, які нарадзіў гэтую ідэю. Апынулася — былы Генпракурор Беларусі, а цяпер — загадчык Кафедры канстытуцыйнага права юрфака БДУ Рыгор Васілевіч. Нам жа ён і патлумачыў, чаму такая канфіскацыя ніякім чынам не супярэчыць праву на недатыкальнасць уласнасці.
Рыгор Васілевіч: Ёсць людзі, якім нельга давяраць запалкі, умоўна кажучы! Таму, калі чалавек не разумее, што яму нельга сядаць за руль аўтамабіля, які з’яўляецца крыніцай павышанай небяспекі, то… Уласнасцю і любым іншым правам нельга злоўжываць! А калі ідзе гаворка пра злоўжыванні, то, безумоўна, дзяржава можа шукаць варыянты для абароны бяспекі грамадзян і грамадства. Таму ў культ узводзіць уласнасць у дадзеным выпадку нельга — тут жа здзяйсняецца “вінаватае” правапарушэнне.
Ад старшыні Савета Рэспублікі Анатоля Рубінава нам стала вядома, што насамрэч уяўляе сабой Аляксандр Лукашэнка як чалавек.
Анатоль Рубінаў: Гэта ўнікальны чалавек па сваіх жыццёвых інтарэсах і глыбока эмацыйным стаўленні да шмат якіх бакоў жыцця. Ён захапляўся фатаграфіяй. А гэта азначае, што ён разумее прыгажосць, ведае, што такое кадр, як яго выбудаваць, дзе тут гармонія. Займаўся музыкай — не толькі граў на баяне, але і спяваў, выступаў. Прачытаў вялізную колькасць кніг. Па сваёй сутнасці ён чалавек пяшчотны і ранімы, добры.
Нібыта ў працяг тэмы амерыканскі прафесар універсітэта Рэдфарда Рыгор Іофе па сакрэце распавядае, чаму насамрэч Лукашэнка назваў кіраўніка Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу “казлом”.
Рыгор Іофе: Уявіце: ладзіцца канферэнцыя з нагоды 25-х угодкаў Чарнобыльскай трагедыі і Лукашэнка мае ў кішэні запрашэнне ад Януковіча на гэтае мерапрыемства. Барозу, які раптоўна пра гэта мерапрыемства даведаўся і выказаў жаданне на яго прыехаць, паставіў умову: “Я прыеду, калі гэтага твайго сябра не будзе”. І тут апынулася, што для Януковіча больш важны Барозу, чым Лукашэнка, на той момант. Кім бы ні быў Лукашэнка, і як бы да яго ні ставіліся, але ён з’яўляецца прэзідэнтам краіны, на якую выпала 70% выкідаў Чарнобыля. Зразумела, што яго прынізілі, і паглядзіце на ўсё гэта вачыма Лукашэнкі! Гэтая сітуацыя выклікала ў яго прыступ ярасці — было б дзіўна, калі б не выклікала! Іншая справа, што далёка не ўсе так выказваюцца.
Завяршаючы “цыкл Лукашэнкі”, прыгадаем размову з дацэнтам Маскоўскага інстытута міжнародных адносін Кірылам Коктышам. Ён раскрыў сакрэт, як кіраўнік краіны можа стаць вышэй за… прэзідэнта Беларусі.
Амаль паўгода не атрымлівалася ўгаварыць на інтэрв’ю сенатара Ігара Марзалюка. Але ўпартасць была ўзнагароджаная — падчас размовы ён раскрыў вялікую страшную таямніцу ўсяго Савета Рэспублікі!
Ігар Марзалюк: І я вам адкрыю страшэнную тайну: большасць членаў Савета Рэспублікі вельмі хораша гавораць па-беларуску! А ёсць тыя, хто размаўляе проста выкшталцона! І я там сябе не адчуваю самотным ды адзінокім гракам. Калі браць так званую новую апазіцыю, то яшчэ можна паспрачацца, дзе больш беларускамоўных! Я кажу пра барацьбітоў за новую Еўропу, у якой добра і хораша геям, а пра беларускую мову можна і забыцца. А я традыцыяналіст! Калі ты кажаш, што любіш мову, то ты любіш сваю традыцыю. А беларуская традыцыя — гэта хрысціянская ідэнтычнасць. А сям’я — гэта саюз мужчыны і жанчыны. Усё астатняе — гэта не сям’я ў нашай культурнай традыцыі. А Папа Рымскі Ян Павел абсалютна слушна называў гомасексуалізм і лесбіянства культурай смерці. Бог ёсць жыццё і памнажэнне дзяцей — гэта працяг бясконцага ланцуга жыцця.
Заходзіў у госці да Еўрарадыё і тады яшчэ дэпутат парламента Аляксандр Зазуля. Пазней кіраўнік краіны прызначыў яго старшынёй Кобрынскага райвыканкама. Але нам ён паспеў да свайго ад’езду на радзіму расказаць, як “перамагчы” на беларускіх выбарах.
І нават беларускія палітыкі падчас палітычнага зацішша ў краіне часам умудраліся здзіўляць. Да прыкладу, лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў прызнаўся, што добра ведае ўсіх “стукачоў” у сваёй структуры, і што… не жадае ад іх пазбаўляцца!
Уладзімір Някляеў: У апазіцыі калі не палова, то добрая траціна людзей, якіх падрыхтавала і туды накіравала менавіта гэтая служба. Я дакладна ведаю пра некаторых, што яно так і ёсць. Я з імі стараюся не мець ніякіх стасункаў альбо — скарыстоўваць іх.
Еўрарадыё: Вы іх ведаеце?
Уладзімір Някляеў: Ведаю. І лепш іх ведаць, чым не ведаць.
Патрапіўшы ў Кіеў, я не здолеў абмінуць офіс скандальна вядомых сэкстрэмістак з Femen. На канкрэтным топлес-прыкладзе яны патлумачылі, чаму беларуская апазіцыя не карыстаецца даверам і папулярнасцю сярод электарату.
Аляксандра Шаўчэнка: Калі паспрабаваць разабрацца ў палітыцы, чытаць, слухаць палітыкаў, то ніхрана ў выніку не зразумееш! А мы працуем у сферы эмацыйнага разумення. Калі выходзіць голая жанчына на вуліцу і крычыць: “Януковіч — г…но, а Цімашэнка — такая ж!”, а яе хапае міліцыя, ці тое, што адбылося ў Беларусі, то гэта людзі выдатна разумеюць.
Нечакана перавёў размову ў палітычнае рэчышча падчас “прафсаюзнага” інтэрв’ю лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч. І патлумачыў, чаму не хоча мець нічога агульнага з тытульнай апазіцыяй.
Генадзь Фядыніч: Калі ёсць гранты і ты іх адпрацоўваеш, то можна, прабачце, “раздзярбаніць” усё і зрабіць нейкія справаздачы, што ўсё добра. А справа застанецца на тым жа месцы. Мы ў такія гульні не хочам гуляць.
Для ўсіх памятны “чорны травень-2011”? Гэта калі долар з 3 тысяч скочыў ажно да 9 тысяч? Дык вось, ніякай віны за тое, што абяцаў стабільнасць рубля і падмануў, былы кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч, як высвятляецца, і сёння не адчувае.
Пётр Пракаповіч: Віна мая была толькі адна: што пад маім кіраўніцтвам была зробленая разавая дэвальвацыя беларускага рубля ў траўні 2011 года. Можна было па другім варыянце: зрабіць гэта не за адзін дзень, а за месяц ці за два. Для людзей вынік быў бы адзін.
Багатым год быў і на прызнанні. Да прыкладу, колішні “твар айчыннай тэлепрапаганды” Інга Хрушчова прызналася, чаму сышла з БТ.
Інга Хрушчова: Палітыка — гэта не маё. Я паспрабавала — мне не спадабалася. Мяне больш цягнула да рэчаў рэпартажных, дзе трэба было нешта шукаць, разважаць. Ну, не маё гэта — прапаганда! Адназначна! Таму я некамфортна сябе ў ёй адчуваю. І я не хачу дзейнічаць найперш насуперак сабе.
Вядомы светлагорскі блогер Генадзь Жулега распавёў, што здолеў прабрацца нават у душ у доме мясцовага мэра.
Генадзь Жулега: Якім чынам я туды патрапіў, пакуль я прыхаваю гэтую інфармацыю. Быў я там на законных падставах, вельмі даўно. Але якім чынам, не магу сказаць з меркаванняў уласнай бяспекі.
А былы кіраўнік мінскага офіса АБСЕ і былы кіраўнік Службы знешняй выведкі ФРГ Ханс-Георг Вік распавёў, якімі метадамі карыстаўся для збору інфармацыі падчас знаходжання ў Беларусі.
Ханс-Георг Вік: Заўсёды, калі я сустракаўся з чалавекам, які хоча мне нешта паведаміць, я пачынаў размову з пытанняў пра тое, як яго справы, што ў яго сям’і адбываецца, куды ён ездзіў адпачываць. Такім чынам закладваецца падмурак даверу. І тады яму, магчыма, будзе прасцей мне нешта паведаміць, нават калі гэта нешта непрыемнае ці негатыўнае.
Прадзюсары скандальнага яшчэ да пачатку здымак фільма “Авель” Сяргей Ждановіч і Ігар Ігруша падзяліліся сакрэтам, што ім дазволілі здымаць эпізод “Плошчы-1020”. І як яны гэты дазвол скарыстаюць.
Сяргей Ждановіч: Калі мы звярнуліся з афіцыйным лістом, каб нам дазволілі здымкі, і нам дазволілі задзейнічаць для здымак нашу плошчу. Але потым мы сядзелі з Юрыем Ігрушам і думалі: ці не справакуе гэта новую хвалю, не ператворыцца ў нейкае шэсце?! Я гляджу на гэта як прадзюсар — як не ўсхваляваць людзей. Так што плошчу Незалежнасці мы атрымалі, але пакуль думаем, дзе мы будзем гэта здымаць.
Давялося пагутарыць у 2013 годзе з першым памілаваным смяротнікам — Дзмітрыем Хархелям, якому смяротны прысуд за забойства замянілі 15 гадамі калоніі. Ён так і не адказаў шчыра на пытанне, ці лічыць сябе вінаватым.
Дзмітрый Хархель: Пытанне ў тым, наколькі вінаваты? Так, сапраўды, я вёў супрацьпраўны лад жыцця, і я сапраўды здзейсніў шэраг учынкаў, даволі дзёрзкіх і сур’ёзных, але: вінаваты да якой ступені? Вось у гэтым моманце не зусім канкрэтызаванае ваша пытанне. Але, адказваючы на яго, я адкажу так: па вялікім рахунку, на самае цяжкае пакаранне я быў асуджаны без віны і без доказаў. Доўга тут можна…
Безумоўна, гэта далёка не ўсе цікавыя размовы 2013 года. Каму цікава – запрашаем на сайт Еўрарадыё!