“Сваіх не кідаем”. Беларусы зняліся ў ідэалагічным баевіку пра вайну ва Украіне

Дзмітры Сафронаў на здымачнай пляцоўцы "Сваіх не кідаем"

Дзмітры Сафронаў на здымачнай пляцоўцы "Сваіх не кідаем" / @d.a.safronov

Еўрарадыё стала вядома, што ў траўні пад Мінскам расіяне знялі баявік пра цяперашнюю фазу ваеннага канфлікту ва Украіне. У здымках удзельнічалі беларускія акторы. 

Расказваем, што вядома пра яго сюжэт, здымачную каманду і крыніцы фінансавання.

З Варшавы — ва Украіну

Беларускія кінематаграфісты шчыльна супрацоўнічаюць з расіянамі па стварэнні прапагандысцкага тэле- і кінакантэнту. Напрыклад, летась мы пісалі пра прапагандысцкі серыял з працоўнай назвай “Рашн гейт”, які ў рамантычным святле паказвае расійскіх дыпламатаў у сутыкненні з польскімі палітыкамі. 

Серыял здымалі ў Мінску, а вытворчасцю займалася прыватная студыя “Белроскіно”, чыё кіраўніцтва аказалася звязаным з Віктарам Лукашэнкам. Сам праект вось-вось з’явіцца на экранах пад назвай "Варшава'21".

Цяпер справа дайшла да больш актуальнай тэмы — вайны ва Украіне.

Пачатак здымак фільма / @d.a.safronov

Здымачны перыяд фільма з працоўнай назвай “Сваіх не кідаем” cкончыўся зусім нядаўна доўжыўся з 6 па 18 траўня. Для яго выкарысталі натурную пляцоўку “Беларусьфільма” у Смалявічах. Там здымаліся эпізоды баявых дзеянняў.

Рэжысёрам стужкі выступіў расійскі кінематаграфіст узбекскага паходжання Рауф Кубаеў — аўтар шматлікіх эфірных тэлесерыялаў і тэлемеладрам накшталт “Псеўданім Албанец” і “Адно жыццё на дваіх”. А сцэнарыстам — маскоўскі тэатральны і серыяльны актор Дзмітры Сафронаў, для якога “Сваіх не кідаем” стаў драматургічным дэбютам.

У сеціве адсутнічае інфармацыя пра змест фільма, але яго ў прыватнай размове з Еўрарадыё пераказаў яго стваральнік.

Украінец з “Азова” з пазыўным… “Карнік”

Ідэя праекта Сафронаву прыйшла 9 лістапада 2022 года пасля прагляду тэленавінаў. За тры месяцы мужчына напісаў сцэнар, арыентуючыся на савецкае ваеннае кіно: "А зоры тут ціхія" і "Аты-баты йшлі салдаты". А пасля разам з Кубаевым адрэдагаваў яго і “абараніў” у Мінкульце для пастаноўкі. 

Галоўным героем “Сваіх не кідаем” стане Міхалыч (яго грае актор Іван Паршын) — ветэран Першай чачэнскай вайны і бацька дваіх дзяцей. Мужчына атрымлівае позву на “СВА” (“спецыяльную ваенную аперацыю”) у межах расійскай мабілізацыі 2022 года.

“Сваіх не кідаем”. Беларусы зняліся ў ідэалагічным баевіку пра вайну ва Украіне
Сумеснае фота актораў фільма з пазыўнымі сваіх герояў / @d.a.safronov

У ваенкамаце ён знаёміцца ​​з Воўчыкам, сынам загінулага героя Першай чачэнскай. Хлопец хоча стаць героем, як і бацька, мабілізаваўшыся добраахвотна.

Супрацьстаяць Воўчыку і Міхалычу будзе былы аднапалчанін апошняга. За мінулыя гады сябар стаў адным з самых жорсткіх камандзіраў атрада "Азоў", за што і атрымаў мянушку… "Карнік". Яго заданне: ліквідаваць атрад расійскіх мабілізваных, якія прыбылі на перадавую пасля навучання. І менавіта ў гэтым атрадзе апынуліся Міхалыч і Воўчык.

Паралельна разгорнецца драма былога настаўніка фізкультуры данбаскай школы — Андрэя Сяргеева, які пайшоў у апалчэнне ДНР з пазыўным “Куніца” (яго грае сам Сафронаў). Менавіта ён, пад прыгнётам абставінаў, сыграе ключавую ролю ў развіцці падзей карціны.

“На полі бою хлопцы правядуць роўна 24 гадзіны, якія для аднаго — Міхалыча, — стануць вечнасцю, а для другога — Воўчыка — апошнімі”, — спойлерыць Сафронаў.

Кінематаграфіст сцвярджае, што сюжэт праекта заснаваны на рэальных падзеях з фронта і “рэальным цудзе, які назіраў увесь свет”. Які цуд маецца на ўвазе, аўтар не ўдакладніў.

“Нокіа” замест “Матаролы”

У праекце будуць фігураваць рэальныя вайскоўцы. Напрыклад, забіты палкоўнік так званай “ДНР”, ваенны злачынец Арсен Паўлаў, вядомы пад пазыўным “Матарола”. Ён у сцэнары фігуруе як баец з пазыўным “Нокіа”, грае яго беларускі рэжысёр і актор Андрэй Голубеў.  

“Сваіх не кідаем”. Беларусы зняліся ў ідэалагічным баевіку пра вайну ва Украіне
Калаж фота са здымачанай пляцоўцы ў Смалявічах / @d.a.safronov

Нягледзячы на ідэалагічную зараджанасць, аўтар кажа, што кіно будзе не пра вайну, а пра жыццё і людзей.

“Агітак не будзе. Толькі па факце. Закранутыя шмат тэм, уключна з рэлігіяй, але ўсе яны, так ці інакш, будуць трансляваць адно: галоўнае — чалавек і няма нічога каштоўней за чалавечае жыццё, сям'ю і дзяцей”, — кажа суразмоўца.

Грошы ад Крамля на “эксперыментальнае кіно”

Што тычыцца фінансаў, дык фільм падтрыманы ў 2023 годзе расійскім Мінкультам. Праект увайшоў у спіс 35-ці фіналістаў катэгорыі “Аўтарскае і эксперыментальнае кіно”, сярод якіх толькі два праекты прысвечаныя вайне ва Украіне — “Свінцовыя нябёсы” і “Сваіх не кідаем”.

У заяўцы праект апісаны абстрактна:

“Сваіх не кідаем”. Беларусы зняліся ў ідэалагічным баевіку пра вайну ва Украіне
Фота са здымачнай пляцоўцы / Aндрэй Голубеў

“Патрыятычны сцэнар у традыцыях савецкага кіно пра тое, як былыя аднадумцы “разлучаюцца душамі”, як згубна ўплываюць на свядомасць нацысцкія знакі, як пераклікаецца і становіцца адзіным цэлым архетып рускага чалавека і архетып рускага воіна.”

Ну да, ну да, ніякіх агітак.

Займальна, што ў дрымкасце значацца запатрабаваныя расійскія акторы — Алег Меньшыкаў і Аляксандр Робак. Але яны ў праекце не з’явіліся. 

“Нічога яскрава палітычнага там няма”

Затое ў фільме шмат беларускіх кінематаграфістаў: як тэхнічных, так і актораў. Апошнія задзейнічаныя пераважна на другім і трэцім плане.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі