Сёлета беларусаў ужо стала меней на 9,9 тысячы — гэта як насельніцтва райцэнтра
Сёлета насельніцтва Беларусі скарацілася на 9 912 чалавек — так колькась беларусаў зменшылася ад пачатку года. Як піша TUT.by са спасылкай на дадзеныя Белстата, натуральнае змяншэнне насельніцтва не перакрывае ўжо нават міграцыя. Прычым скарачэнне адбываецца паўсюль, у тым ліку ў Мінску, хоць раней у сталіцу шмат пераязджалі.
Толькі ў Мінскім і Нараўлянскім раёнах нараджальнасць перавысіла смяротнасць. Хутчэй за ўсё скарачалася насельніцтва ў Аршанскім, Барысаўскім і Полацкім раёнах.
Міграцыйны прырост у першым квартале гэтага года склаў 795 чалавек, натуральнае змяншэнне насельніцтва — 10 707 чалавек. У студзені-сакавіку нарадзілася 21 519 дзяцей, што на 2 016 або на 8,6% меней, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Колькасць памерлых склала 32 226 чалавек — на 76 чалавек меней, чым год таму.
У Мінску за першы квартал насельніцтва зменшылася на 1145 чалавек. Пры гэтым натуральнае змяншэнне — 689 чалавек, а міграцыйнае — 456. Такім чынам, жыхары сталіцы сталі часцей з'язджаць.
На пачатак года ў Беларусі жыло 9 мільёнаў 475,6 тысячы чалавек. У параўнанні з пачаткам 2018 года насельніцтва краіны зменшылася на 16,2 тысячы.