Сёлета з'явяцца падатак на дармаедства, іпатэка і замежныя пенсіі

Урад зацвердзіў праграму дзейнасці на 2015 год. У дакуменце прапісаныя асноўныя напрамкі работы ўрада. "Комсомольская правда" прааналізавала самыя важныя моманты ў праграме дзейнасці ўрада.

Так, плануецца знізіць інфляцыю да 10%. Урад плануе праводзіць таварныя інтэрвенцыі — продаж тавараў па ніжэйшых коштах, а таксама падтрымліваць на цяперашнім узроўні выдаткі на камуналку і грамадскі транспарт. Гэта азначае, што адсотак дзяржаўнага фінансавання за іх сёлета павінен заставацца ранейшым. Аднак тарыфы на камуналку будуць індэксаваць раз на квартал.

Мытныя пошліны ад продажу нафты і нафтапрадуктаў, якія Беларусь не пералічыць сёлета Расіі, пойдуць на пагашэнне знешніх пазык — сёлета крэдыторы чакаюць ад Беларусі 4 мільярды долараў.

Таксама ў дакуменце прадугледжана, што сёлета з'явяцца іпатэчныя крэдыты на жытло ды іншыя спосабы назапасіць на кватэру.

Сёлета ж увядуць і падатак на дармаедства — дэкрэтам кіраўніка дзяржавы. А вось для тых, хто працаваў за мяжой, мусіць змяніцца сістэма налічэння пенсіі. Урад плануе заключыць з іншымі краінамі (найперш ЕАЭС) дамовы аб частковым фінансаванні пенсіяў для беларусаў, якія працавалі нейкі час у гэтых краінах.

У галіне аховы здароўя плануецца ўвесці электронныя рэцэпты, а беларускія лекі павінны будуць складаць 50% у асартыменце аптэк.

Фота — vitbichi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі