Топ-5: навіны 31 студзеня
Жанчыну, якая пратэставала на кране, ледзь не забралі ў псіхіятрычную лякарню
Пенсіянерка Галіна Ігнатовіч залезла на будаўнічы кран, каб выказваць пратэст супраць высялення яе сям'і з дома, які павінен пайсці пад знос. Жанчына правяла на вышыні амаль чатыры гадзіны. Зняць з крана мінчанку змаглі толькі пераапранутыя супрацоўнікі АМАП.
У выніку жанчыну з пераахалоджваннем і высокім ціскам адвезлі ў лякарню. Аднак адтуль пенсіянерку ў хуткім часе забралі яе дзеці. Па іх словах, лекары хацелі накіраваць Галіну Ігнатовіч у псіхіятрычную клініку.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з 55-годдзем старшыню праўлення "Газпрама" Аляксея Мілера. У віншаванні кіраўнік Беларусі адзначыў яго "прафесіяналізм, кіраўнічы вопыт і мэтанакіраванасць".
Таксама ў сваім віншавальным лісце Лукашэнка выказаў спадзяванне, што менавіта Мілер дапаможа вырашыць праблемы, якія апошнім часам узніклі ў беларуска-расійскіх стасунках.
Расійскія лёгкаатлеты могуць выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад сцягам Беларусі, пакуль дзейнасць расійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі забароненая. З такой прапановай выступіў дэпутат Дзяржаўнай Думы ад партыі "Адзіная Расія" Яўген Фёдараў, паведамляюць расійскія СМІ.
Адпаведны запыт расійскі палітык даслаў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які адначасова з'яўляецца прэзідэнтам Нацыянальнага Алімпійскага камітэта. Фёдараў папрасіў Лукашэнку пачаць кансультацыі пра такую магчымасць. Ён спаслаўся на тое, што Беларусь і Расія маюць Саюзную дзяржаву.
У Дэмакратычнай Рэпубліцы Конга збілі два верталёты МІ-24. Гэта адбылося яшчэ 28 студзеня. Як пішуць грузінскія СМІ, экіпаж аднаго верталёта складалі грамадзяне Грузіі, а другога — Беларусі.
Прэс-сакратар МЗС нашай краіны Дзмітрый Мірончык заявіў, што ведамства сочыць за сітуацыяй, але пакуль што не мае афіцыйных звестак з Конга. Справа ў тым, што найбліжэйшая беларуская амбасада знаходзіцца ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
Як перадаюць грузінскія СМІ, беларускі экіпаж верталёта быў шпіталізаваны. Пры гэтым загінулых пры здарэнні няма.
У Кіеве адбылося лёсаванне канкурсантаў, якія выступяць у паўфіналах на сёлетнім "Еўрабачанні". Прадстаўнікі Беларусі, гурт Naviband, выступяць у другім паўфінале, які пройдзе 11 траўня.
Navibad выканае песню на беларускай мове "Гісторыя майго жыцця".