Трое мінчан дапамагалі грамадзянам незаконна атрымаць шэнгенскія візы
Яны падавалі ў замежныя амбасады ілжывыя звесткі і спрыялі атрыманню віз, за што атрымлівалі ганарары ў валюце.
Фінансавая міліцыя спыніла незаконную дзейнасць мінчан, якія дапамагалі грамадзянам Беларусі атрымаць шэнгенскія візы, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Камітэт дзяржкантролю.
Трое аферыстаў падавалі ў амбасады Літвы і Польшчы дакументы на атрыманне мультывіз для пабочных грамадзян і прадстаўлялі іх у якасці сябраў гістарычных клубаў. Яны атрымлівалі візы на падставе нібыта ўдзелу ў рознага кшталту культурных мерапрыемствах. Фактычна супрацоўнікаў амбасадаў уводзілі ў зман наконт рэальных мэтаў паездак за мяжу.
За аказаныя паслугі апроч консульскага збору візавыя махляры атрымлівалі ганарары — ад 20 да 200 еўра. Іх кліентам нават не трэба было наведваць амбасады. На сёння ўжо даказана 26 фактаў падобных угодаў, хоць насамрэч іх значна болей.
Вінаватых прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за незаконнае прыманне валюты ў якасці плацёжнага сродку. Яны заплацілі штрафы на агульную суму амаль у 20 мільёнаў рублёў.