Trubetskoy прадставіць паўгадзінны музычны фільм "Trubetskoy. The Band"

На наступным тыдні гурт Trubetskoy прадставіць паўгадзінны музычны фільм "Trubetskoy. The Band". Па словах прэс-аташэ каманды Аляксандра Бергера, зняць такое відэа музыкі вырашылі падчас працы над максі-сінглам "Ёлкі", што адбывалася ў Вільні пад кіраўніцтвам саўндпрадзюсера Снорэ Бергеруда.

Такім чынам яны вырашылі яшчэ раз прадэманстраваць моц і энергетыку жывых выступаў, а таксама даць слова ўсім удзельнікам гурта:

"Так атрымлівалася, што тыя, хто працаваў у гурце "Ляпіс Трубяцкі", практычна, як ні дзіўна, не былі публічнымі фігурамі. Таму што ў гурта быў лідар Сяргей Міхалок і апошнія 7 гадоў, як мінімум, ён заўсёды з'яўляўся ў радыё- і тэлеэфірах, ён даваў інтэрв'ю, а ўсе астатнія музыкі былі нейкімі маўклівымі ценямі, — кажа Аляксандр Бергер. — Я некалькі ўтрырую, але яны ў публічнай прасторы ніякіх каментарыяў не давалі, пра сябе, сваё бачанне музыкі, свету не распавядалі. Мы палічылі, што гэта несправядліва, і вырашылі ўпершыню даць ім слова".

Інтэрв'ю з музыкамі "Трубяцкога" у фільме мяжуецца са студыйным канцэртам, дзе яны выконваюць як новыя песні, так і правераныя баевікі "Ляпісаў".

Нагадаем, 13 лютага Trubetskoy сыграе першы канцэрт у Беларусі. Гэта адбудзецца падчас трэцяй музычнай прэміі Еўрарадыё "Даём рады" у сталічным клубе Re:Public (пачатак у 18 гадзін). У гэты вечар наша рэдакцыя ўзнагародзіць лепшыя беларускія гурты 2014 года ў намінацыях “Дэбют”, “Кліп”, “Сінгл”, “Фестываль”, “Сольны выканаўца”, “Альбом”, “Гурт” ды шэрагу жартаўлівых намінацый. Традыцыйна пераможцы вызначаюцца ўнутраным галасаваннем журналістаў Еўрарадыё.


Нагадаем, пераможцамі “Даём рады” ў мінулыя гады станавіліся Akute, Yellow Brick Road, “Дай Дарогу!”, Зміцер Вайцюшкевіч, :B:N:, “Ляпіс Трубяцкі” ды іншыя.

Квіткі на “Даём рады-2014” у хуткім часе з’явяцца ў продажы. Сачыце за навінамі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі