Trubetskoy прэзентаваў новую песню на верш Максіма Багдановіча (відэа)
А таксама выканаў беларускамоўны варыянт песні “Рядом”, якая ў перакладзе атрымала назву “Разам”.
Гурт Trubetskoy прэзентаваў новую песню на верш Максіма Багдановіча “Я бальны, бесскрыдлаты паэт”. Адбылося гэта падчас папулярных курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” ў Мінску.
“Гэта такая сумная балада пра тое, як важна часам атрымаць добрую вестку ад каго-небудзь блізкага, як шмат яна можа значыць у канкрэтны перыяд часу, — распавядае вакаліст Павел Булатнікаў. — Цікава, што першую версію песні мы разабралі акурат у дзень нараджэння Багдановіча. У нас у актыве яшчэ дзве песні на беларускай, але ўжо цалкам нашага аўтарства і больш вясёлыя. Іх мы плануем запісаць у лютым”.
Музыкі распавялі пра свой шлях да беларускай мовы, стаўленне замежнікаў да беларускай мовы і пра будучы альбом, які, па іх словах, з’явіцца “па вясне”.
“Для мяне ніколі не стаяла пытанне пра тое, ці павінен я валодаць беларускай. Мы жывем у Беларусі і ведаць беларускую — гэта норма. Гэта мая родная мова”, — адзначыў Булатнікаў.
Акрамя прэзентаванай кампазіцыі на верш класіка літаратуры Trubetskoy выканалі беларускамоўны варыянт песні “Рядом”, якая ў перакладзе ўдзельнікаў заняткаў атрымала назву “Разам”, і “Рамонкі”. Пераможцы атрымалі запрашальнікі на музычную прэмію Еўрарадыё "Даём рады" і майкі з лагатыпам гурта Trubetskoy. Цалкам верагодна, што абодва трэкі ў хуткім часе з’явяцца і ў студыйных версіях. А таксама прагучаць са сцэны на фестывалі “Даём рады”, дзе Еўрарадыё раздасць узнагароды па выніках мінулага музычнага года. Фэст пройдзе 13 лютага ў мінскім клубе Re:Public, дзе акрамя гурта Trubetskoy выступяць Akute, “Разбітае сэрца пацана”, “Мутнаевока” і Haina.
Пераклады, якія больш за ўсё спадабаліся музыкам:
- "Разам"
(Ганна Шыпшына)
З грукату бітай тары
З’яўляецца музыка вуліц.
Бягуць па асфальтах кентаўры,
Топчуць малёваных курыц.
Болем шугае з-за шатаў,
Іскры разносіць вецер.
Крывавыя кроплі гранатаў
У расхрыстаным брудным пакеце.
Дахі ўздымаюцца ў скрусе
Вышэй па іржавых балконах.
Я да цябе дакрычуся
На злосць чыгунным драконам.
Мяне ты пачуеш праз хмары,
Працягнеш дрыготкія рукі.
Уцякайма з кіпучых абшараў,
Ламаючы дзіды і лукі.
Разам, будзем разам.
У небе будзем лётаць,
Як сонечныя анёлкі.
Разам, будзем разам.
Зорную неруш трымаць
У далонях да самага золку.
Радасныя каметы,
Прыцемкі ды туманы,
За небасхілам сакрэты
Соннага акіяна.
Адрынем тое, што была:
Падманаў чутныя гукі.
У гнёздах — новыя крылы.
У пёрах — новыя рукі.
Разам, будзем разам.
У небе будзем ляцець,
Пазбаўленыя пакуты.
Разам, будзем разам.
Ярчэй за зоркі гарэць,
Зазнаўшы адну атруту.
.
- “Ластаўка”
- (Зміцер Маслоўскі)
- Вясна глядзіць у твар
- Калоціць маё сэрца
- Пазбаў ад гэтых хмар
- Гэй вецер! Дай сагрэцца!
- У кладоўку каўзуны
- Віскочуць мае кеды
- Пазбаўся ад нуды
- Я жывы — жыве планета!
- Выбухнула сонца: усё наўкол крычыць
- Ластаўка з вясною ў сені прыляціць.
- На сметнік тэлевізар
- Камп'ютар адключы
- Вар’яцтва было блізка
- Цяпер жыццё гучыць.
- Стаміўся ад напругі
- Даўгіх зімовых сноў
- Душа ляціць да сонца
- Спявае з ім ізноў.