Trubetskoy стане госцем курсаў "Мова Нанова"
Музыкі адкажуць на пытанні слухачоў і прапаноўваюць ахвочым перакласці іх песню “Рядом” на беларускую мову.
Гурт Trubetskoy, адзін з хэдлайнераў фестывалю "Даём рады", 19 студзеня стане госцем папулярных курсаў беларускай мовы "Мова Нанова" ў Мінску. Музыкі адкажуць на пытанні наведвальнікаў. Акрамя таго, Trubetskoy абвясцілі конкурс на лепшы пераклад тэксту песні “Рядом” на беларускую мову. 19 студзеня музыкі абяруць лепшы варыянт, а пераможца атрымае запрашальнік на ўручэнне музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады”. Стаць аўтарам перакладу словаў трэка "Рядом" можа кожны жадаючы. Варта проста паслухаць песню, перакласці яе і да вечара 16 студзеня даслаць на адрас [email protected].
Нагадаем, упершыню ў Беларусі гурт Trubetskoy выступіць у межах фэсту "Даём рады", падчас якога Еўрарадыё ўручыць узнагароды ў межах штогадовай музычнай прэміі. Імпрэза адбудзецца 13 лютага ў сталічным клубе Re:Public. Таксама на сцэну выйдуць гурты "Мутнаевока", "РСП", Haina i Akute.
Намінанты прэміі будуць абвешчаныя неўзабаве.