Тых, хто падаў, забівалі: як АМАП здзекаваўся з беларусаў
Аляксандр Лук'янскі / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
З 9 да 13 жніўня ў рукі сілавікоў трапіла каля 7 тысяч беларусаў. Для многіх затрыманне скончылася цяжкімі траўмамі і бальнічнай палатай.
Пацыенты мінскай Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі расказалі журналістцы Еўрарадыё пра здзекі, якія ім давялося перажыць. Яны просяць усім расказаць, што фатаграфіі слядоў пабояў, якія разляцеліся па інтэрнэце, — гэта не фэйкі.
Вячаслаў Пятроў
Збілі і паабяцалі засунуць у штаны петарду
Уночы на 11 жніўня Вячаслаў Пятроў ішоў ва ўніверсам "Рыга" і ўбачыў барыкады. Ён успамінае, што сілавікі хапалі ўсіх запар, валілі на зямлю, звязвалі рукі пластыкавымі сцяжкамі.
"У нашым аўтазаку было чалавек трыццаць, укладзеныя ў чатыры ярусы. Яны залазілі наверх, тапталіся, садзіліся зверху, каб ніхто не змог падняцца. Я падняў галаву, каб паглядзець, — збілі. Адзін з сілавікоў пажартаваў, маўляў, давайце туды кінем гранату і зачынім дзверы — няхай ведаюць…
Знізу людзі пачалі задыхацца, прасілі, каб іх адтуль дасталі, далі паветра. За гэта верхніх зноў сталі біць. Сказалі перадаць ніжнім, каб больш нічога не прасілі. Я ляжаў трохі на баку, мне трапілі па рэбрах. Пакуль даехалі, усё адзенне прамокла ў крыві.
У ІЧУ на Акрэсціна мяне ўсю ноч пратрымалі тварам у траву. Быў вобшук. У мяне выпаў тэлефон і ляжаў побач. Амапавец пачаў крычаць, што я здымаю відэа. Мяне збілі і паабяцалі засунуць у штаны петарду. На маіх вачах хлопцу з доўгімі валасамі тры разы абрэзалі валасы. Крычалі на яго — "Ты патлаты!", білі. Замежніку крычалі: "Ты чарнажопы, прыехаў у нашу краіну. Вось табе свабода!" Таксама збівалі. Я два разы атрымаў у рабро, разы тры-чатыры — па спіне.
Потым следчы патрабаваў ад мяне назваць прозвішчы тых, хто плаціць. Казаў, што мы адказваем па сцэнары. Абяцаў 12 гадоў пакарання па крымінальным артыкуле.
Пакуль сядзеў на Акрэсціна, чуў, як крычаць людзі ў суседніх камерах. Сярод нас былі дзяўчаты, У кагосьці былі крытычныя дні — казалі падцірацца майкамі".
Аляксандр Лук'янскі
"Людзей у форме не магу бачыць, страшна"
11 жніўня Аляксандр Лук'янскі вяртаўся дадому на таксі. Машына трапіла ў затор з аўтамабіляў у раёне станцыі метро "Спартыўная".
"Да нас падышлі супрацоўнікі ДАІ. Кіроўца выйшаў паказаць дакументы. Мне таксама сказалі выходзіць з машыны. Я адчуў нешта нядобрае і заблакаваў дзверы. Прыляцеў АМАП, выбілі шкло, мяне дасталі праз акно. Жорстка збілі. Білі дубінкай па нагах, руках, дупе, па вуснах, па носе... З рук, з нагі. Па ўсіх частках цела. Дупу адбілі так, што потым немагчыма было сесці.
Прывезлі ў Першамайскае РУУС, закінулі ў камеру, потым — завялі ў спартыўную залу. Там усе стаялі на каленях, рукі за галавой. Хлопцаў збівалі, спартзала была ўся ў крыві. Да дзяўчат больш лаяльна паставіліся, дазволілі сядзець на матах. Але адна дзяўчына стаяла з намі, таму што ў яе знайшлі нейкае відэа з пікета.
Потым прывезлі на Акрэсціна. Калі пад'язджалі, чуў страшныя крыкі: людзі прасілі пра дапамогу. Усіх паставілі на калені ў двары. Калі хтосьці хацеў у туалет — загадвалі хадзіць пад сябе ці падносілі вядро. Нехта сказаў, што хоча есці. Тады амапавец збіў з дрэва маленькія зялёныя яблыкі і сказаў: "Жарыце, сукі!" Выбарачна падыходзілі і білі, каб не расслабляліся.
Наогул, мне пашанцавала. Прыехала брыгада медыкаў, аглядалі тых, хто меў патрэбу ў шпіталізацыі. Я сказаў, што ледзь дыхаю, рабро баліць, спіна. Іншыя таксама прасілі сябе агледзець. Падышла мясцовая доктарка з Акрэсціна і груба сказала: "Сукі, як на мітынг — дык ішлі, а тут вы па хуткіх хаваецеся! Сядзіце, я вас зараз вылечу". Падышоў нейкі начальнік з ІЧУ — таксама сказаў, што зараз вылечаць. Людзей заводзілі ў будынак і збівалі, прымушалі крычаць "АМАП — сіла", спяваць гімн, здымалі ўсё на відэа.
Потым па рацыі паведамілі, што трэба аднаго хлопца вынесці. Яму зламалі таз дубінкамі, не мог выйсці самастойна. Яго вынеслі, укалолі абязбольвальнае, ён быў увесь пераламаны.
Мы вельмі доўга стаялі — хуткай не давалі выехаць. Нам стукалі па машыне. Хацелі паглядзець, каго вывозяць і ў якім стане…
Хочацца адсюль з'ехаць ва Украіну ці Польшчу. Людзей у форме не магу бачыць, страшна, баюся, што пачнуць збіваць".
Ігар Крупскі
"Раўлі, што нас шпігуюць наркотыкамі, плацяць долары"
Ігара Крупскага затрымалі 9 жніўня. Ён быў незалежным назіральнікам на 83-м участку Маскоўскага раёна. Дырэктар 181-й школы выклікала міліцыю, сцвярджаючы, што назіральнікі аказваюць псіхалагічнае ўздзеянне на выбаршчыкаў.
"Мяне ўзялі пад рукі і павялі ў аўтобус. Абражалі, білі. Потым перасадзілі ў аўтазак. Быў адзін малады амапавец вельмі нізкага росту з безжыццёвым позіркам. Схапіў мяне за горла і спрабаваў душыць, убачыў белую стужку, закрычаў, маўляў, ты — вырадак ціханоўскі! Пры перасадцы з аўтазака ў аўтазак білі дубінкамі або ў жывот.
На Акрэсціна нас сустракала калона амапаўцаў, збівалі дубінкамі. Ужо было незразумела, хто біў, куды біў. Я адчуваў удары і разумеў, што трэба бегчы наперад, каб не ўпасці. Тых, хто падаў, наогул забівалі.
Раўлі, што нас шпігуюць наркотыкамі, плацяць долары. Казалі: вось ваша Ціханоўская ўжо зваліла, а вы лохі тут, а на вуліцах ужо ўсё ціха. Ім у кайф, калі ты крычыш, просіш прабачэння. Мне нанеслі дзесьці 15 удараў. Я ног не адчуваў.
Амапаўцы баяліся нас перавозіць у Жодзіна. Разумелі, што ўсякае можа адбыцца. У Жодзіне мне прыляцела некалькі ўдараў у грудзі, па галаве, у жывот. Потым нас загналі ў прагулачную. Я стаяў і не мог дыхаць. Першую ноч мог спаць толькі на баку і абаранкам. Задыхаўся. Дактароў не даклічашся…
У Жодзіне нас палохалі "маскамі". Гэта калі ў камеру залятаюць людзі ў масках і пачынаюць безупынна біць. Таму ніхто не хацеў залазіць на другі паверх, усе баяліся, што пачнуць сцягваць з другога паверха, а там металічныя абадкі. Але гэта ўсё было запалохванне".
Аляксандр Альхоўскі
"Пагражалі, што апусцяць на зоне"
Уночы на 12 жніўня Аляксандра Альхоўскага затрымалі на скрыжаванні вуліц Гарэцкага і Шаранговіча, побач з гандлёвым цэнтрам "Магніт". Ён кажа, што ў пратэстах не ўдзельнічаў.
"Спыніўся пабалбатаць са знаёмымі, потым раптам пад'ехалі аўтобусы. Мяне схапілі. Атрымаў па нагах. Лёг на зямлю. Скруціўся абаранкам, прыкрыў галаву. Па нагах, па нырках палупілі. Крычалі: "Сука, поскудзь, табе пі*дзец!" Увесь час пагражалі, што завязуць у лес або апусцяць на зоне.
Закінулі ў мікрааўтобус, тэлефон забралі, разблакавалі, чыталі перапіску. Потым яшчэ дваіх забралі. Мы ляжалі тварам у падлогу, нас каталі па ўсім горадзе і білі.
Потым зачынілі ў аўтазаку, прывезлі ў РУУС. Там хлопцы маладыя працавалі, развязалі рукі. Павялі да следчага, па дарозе я страціў прытомнасць. З вушэй цякла кроў. Ногі адбілі. Падчас размовы задавалі правакацыйныя пытанні, хацелі, каб я прызнаўся, што быў не толькі каля "Магніта".
Прымусілі падпісаць пратакол, хоць там было ўсё няправільна апісана. Але я пагадзіўся".
Яўген Якубец
Хлопцаў з дрэдамі прымусілі цалавацца ў аўтазаку
Першы раз Яўгена Якубца сілавікі забралі 14 ліпеня. Гэта здарылася ў раёне стэлы. Хлопца завезлі ў Першамайскае РУУС. Пасядзеў ноч у спартзале, потым адпусцілі. Яўген кажа, што ў параўнанні з ізалятарам на Акрэсціна там быў санаторый. Уночы з 11 на 12 жніўня хлопец ехаў з сябрамі ў бок "Рыгі" з "Манеткі" на Камароўскім рынку. Там стаяў пост ДПС, супрацоўнікі ў чорным аглядалі ўсе аўтамабілі.
"Нас выгрузілі ўсіх на асфальт. У аднаго таварыша знайшлі відэа, якое здалося ім недапушчальным. У мяне былі доўгія валасы. Яны пачалі мяне абражаць, маўляў, як дзеўка. Абрэзалі валасы нажом, закінулі ў аўтазак. Там білі па нагах, у вобласць таза, жывот, па спіне. Крычалі: "Мы праз вас, вырадкі, трэція суткі не спім! Што вы тут хочаце пабудаваць, якую краіну для жыцця, што вы дома не седзіце? Мы вам устроім!"
Былі двое хлопцаў з дрэдамі. Ім валасы зрэзалі са скурай. Гэтых жа хлопцаў прымусілі цалавацца ў аўтазаку: "Смакчыцеся, вырадкі, у войска не хадзілі — цяпер смакчыцеся!"
Перасаджвалі ў іншы аўтазак — ішлі па жывым калідоры. Мне прыляцела ботам па твары. Нос апух, з раны цякла кроў".
У аўтазаку распіхалі па клетках. Было вельмі душна і горача. Прыехалі на Акрэсціна, беглі, нас збівалі. Я бег, груба кажучы, на карачках. А хтосьці падымаў мяне за валасы.
Каля агароджы стаялі на каленях. Потым змясцілі ў прагулачны дворык.
У куце стаяла пяцілітровая бутля, хто хацеў — хадзіў у туалет у яе".
Дзмітрый
"Запіхаў дубінку ў задні праход"
11 жніўня Дзмітрый (папрасіў не называць яго прозвішча) вяртаўся дадому міма стэлы. На пешаходным пераходзе да яго падышлі двое амапаўцаў.
"Яны запатрабавалі разблакаваць тэлефон. Я адмовіўся. Тады яны знялі мяне з ровара, забралі замок і ключ, ровар кудысьці адагналі, а мяне запіхалі ў аўтазак. У аўтазаку было чатыры ці пяць амапаўцаў. Яны мяне збілі і запатрабавалі паказаць фатаграфіі. Знайшлі здымкі з разгону пратэсту. Зноў білі дубінкамі, рукамі, нагамі.
На падлозе ўжо ляжала некалькі хлопцаў. Мяне паклалі пасярэдзіне. Прымушалі спяваць гімн і "Перамен". Потым выпіхнулі з аўтазака, закінулі ў аўтобус МАЗ. Там быў нейкі ідэолаг, загадалі падпаўзці да яго. Ён задаваў пытанні: "Хто вам плаціць? Як вы каардынуеце акцыі? Дрэнна жывецца?" Я казаў, што нармальна жывецца, нікуды не хадзіў. Была не тая сітуацыя, каб качаць правы.
Потым мяне зноў запіхнулі ў аўтазак. Паклалі тварам уніз. Пачалі туды заводзіць людзей, завялі паляка. Збілі. У хлопца, які быў са мной, знайшлі нож у кішэні. Ён казаў, што займаецца рамёствамі. Яму разрэзалі нажом шорты і трусы ззаду, прыгразілі засунуць у задні праход палку. Зноў збілі.
Прыйшлі двое амапаўцаў з маім тэлефонам. Хацелі разблакаваць яго. Ад збіцця я забыўся пароль. Мне было вельмі дрэнна. Зноў збілі, пагражалі закінуць у аўтазак гранату. Потым прыйшоў нейкі галоўны, сеў побач. Спытаў, у каго ёсць прэзерватыў. Разрэзаў мне трусы. Надзеў яго на палку і запіхаў яе мне ў задні праход. Было вельмі балюча. Ён патрабаваў, каб я разблакаваў тэлефон, — але я не памятаў пароль. Мяне зноў збілі, пакінулі ў аўтазаку.
Потым нас закінулі ў міліцэйскі аўтазак. Мы паехалі ў Заводскае РУУС. На выхадзе нас зноў збіў АМАП. Паклалі тварам на зямлю, разглядалі татуіроўкі, здымалі на відэа. Мы ляжалі так гадзін дзесяць. Нас паставілі да сценкі, часам давалі ваду.
У мяне ў машонцы ўтварылася гематома, я патрабаваў доктара, але мне адмаўлялі. Адзін хлопец страціў прытомнасць, стукнуўся аб бардзюр, яго забрала хуткая. Да мяне дактароў не пусцілі, толькі смяяліся. Раніцай сцягнулі рукі сцяжкамі. Так мы прастаялі яшчэ дзесяць гадзін. Час ад часу прыносілі ваду. Адчуванне было, быццам расстраляюць або гранатамі заб'юць. Стаялі на вуліцы. Я быў у майцы, з парэзанымі штанамі. Нейкі хлопец даў мне куртку. Усё вельмі балела. Часам слабелі сцяжкі, давалі размяць рукі.
Прывезлі пратаколы. Там была поўная хлусня, быццам я ішоў і размахваў рукамі. Прымусілі падпісаць.
Потым нас пагрузілі ў аўтазак і павезлі на Акрэсціна. На выхадзе прагналі праз калідор амапаўцаў. Збілі дубінкамі, знялі сцяжкі. Загналі 120 чалавек у прагулачны дворык, там мы стаялі гадзін пяць. Хадзілі мясцовыя наглядчыкі. Вады не давалі. Далі болесуцішальнае. Прыехала хуткая. Мяне павезлі. Дактары былі ў жаху".
Аляксандр Герасімаў
"Інтэрнэт не працаваў. Пайшлі з сябрамі паглядзець, хто перамог"
10 жніўня Аляксандр Герасімаў прачнуўся дома. На выбары ён не хадзіў, ездзіў на прыроду. Інтэрнэт не працаваў. Хлопец хацеў даведацца пра навіны, і ён выйшаў на вуліцу.
"Пайшлі з сябрамі паглядзець, хто перамог. Прыйшлі на Камароўку, узялі па шаўрме, павячэралі, вакол было шмат людзей. Хадзілі задаволеныя, цвярозыя, ніякіх наркотыкаў.
Дайшлі да "Рыгі", там будавалі барыкаду, якую потым пачалі штурмаваць сілавікі. Мы ўсталі з боку "Еўропы", глядзелі на тое, што адбываецца. Барыкаду разбурылі. Спачатку праехалі вадамёты, потым у яе з усёй дуры ўехалі іншыя вайсковыя машыны. Не ўпэўнены, што яны былі ўпэўненыя, што там няма людзей.
І раптам аднекуль з'явіліся амапаўцы. Я пабег ад іх, заскочыў на нейкі парапет, няўдала саскочыў з яго. Бегчы больш не мог. Яны мяне павязалі. Спрабавалі завязаць рукі — не атрымалася. Білі. Мне кажа стаяць, я стаю, не магу бегчы, нага зламаная.
Далей паклалі тварам у зямлю, пастрыглі. (Думаў — жах, памыўся — такой бяды!) Паабяцалі дубінкай згвалціць. Крычалі, што мне заплацілі. Гаворка ў іх была не мінская. Мне здалося, што яны пад нечым. Выдавалі паводзіны і шалёныя вочы, нулявыя зрэнкі.
Завезлі ў Цэнтральнае РУУС. Стаяў на вуліцы, пакуль не паплыў. На ўчастку ўсіх фатаграфавалі, А мяне не сталі. Вусны былі апухлыя, брыво разбітае, сіняк пад вокам — фатограф адмовіўся здымаць.
Лекаў не давалі, але да доктара трэба было многім. Мне сказалі падпісаць пратакол. Я не ведаю, што там было напісана, але падпісаў. Нага моцна ныла, не мог ні пра што больш думаць. Потым мяне завезлі ў бальніцу. Што тут скажаш — я сам быў у войску і бачыў, як гэта працуе. Магу сабе ўявіць, як іх рыхтуюць. Выпусцілі, далі волі трохі. Пагулялі пацаны!"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.