У 87 беларускіх прадпрыемствах заробак — менш за 400 рублёў за месяц
Беларускае прадпрыемства / Еўрарадыё
Да 1 чэрвеня 2019 года ў Беларусі заставалася 87 кампаній, дзе заробак складаў менш за 400 рублёў за месяц. За 5 месяцаў улады скарацілі іх колькасць амаль у 2,5 разы — па статыстыцы на 1 студзеня такіх арганізацый было 207.
"У агульнай масе суб'ектаў гаспадарання, якіх больш за 140 тысяч з улікам усіх формаў уласнасці і відаў дзейнасці, гэта няшмат. Але ўрад усё роўна лічыць, што гэта сур'ёзная колькасць. Была задача — разабрацца персанальна з кожным, паглядзець", — распавёў у праграме "Галоўны эфір" міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Крутой.
Па словах міністра, аператыўны маніторынг паказвае, што па выніках першага паўгоддзя такіх прадпрыемстваў застанецца не больш за дзесяць.
"85% гэтых кампаній знаходзяцца ў камунальнай форме ўласнасці. То бок, гэта прамая зона адказнасці старшыняў райвыканкамаў і, па вялікім рахунку, іх персанальны KPI на бягучы год. Таму што гэта найважнейшая сацыяльная задача ў цэлым для раёна і для людзей, занятых у гэтых арганізацыях. Зразумела, што заробак 400 рублёў пры наяўнасці сям'і, дзяцей — гэта недапушчальна нізкі, проста крытычна нізкі ўзровень, і такога проста быць не павінна", — дадаў Дзмітрый Крутой.
400 рублёў — гэта крыху менш за $200. Сярэдні заробак за травень у Беларусі склаў 1071,6 рубля ($529).
У канцы 2018 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што менш за 400 рублёў за месяц атрымліваюць 20% жыхароў Мінска. Пры гэтым цэны на тавары і паслугі ў сталіцы — самыя высокія ў краіне. Прэм'ер-міністр Сяргей Румас, у сваю чаргу, сказаў, што "да канца першага паўгоддзя ў краіне такіх прадпрыемстваў быць не павінна".