У Акцябрскім раёне ў лес з вальеру выпусцілі паўсотні высакародных аленяў
У лясы Акцябрскага раёна з вальеру выпусцілі 47 высакародных аленяў. Як паведамляе Ранак, гэта прадугледжана дзяржаўнай праграмай “Беларускі лес”. У жніўні яшчэ прыкладна столькі ж асобінаў выпусцяць у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці.
Статак аленяў прывезлі ў Акцябрскі раён з Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” ў снежні. На закупку жывёлаў патрацілі 76 тысяч рублёў. Спачатку статак жыў у агароджаным сіламі паляўнічых вальеры. Тут нарадзілася 14 малых ад 16 самак. Цяпер, калі каранцінны перыяд скончыўся і аляняты падгадаваліся, іх выпускаюць у дзікую прыроду.
У Беларусі дазволенае паляванне на высакародных аленяў, але егеры сцвярджаюць, што здабываць жывёлаў “без памяці” не дазволяць. Пакуль гаворка максімум пра 2-3 асобіны штогод. Да таго ж паляўнічыя спасылаюцца на натуральны адбор — ворагам аленя ў дзікай прыродзе з’яўляецца воўк.