У Баранавічах не дазволілі "падзякаваць" уладзе за павышэнне пенсійнага ўзросту
У Баранавічах не дазволілі "падзякаваць" уладзе за павышэнне пенсійнага ўзросту. Мясцовыя чыноўнікі не далі дазволу на правядзенне спецыяльнай вулічнай акцыі.
Як інфармуе БелаПАН, заяўнік мерапрыемства індывідуальны прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус хацеў зладзіць 19 красавіка трохгадзінную рэспубліканскую акцыю па пасадцы дрэў і ўсталяванні валуна з шыльдай. У ёй планаваўся ўдзел да 30 чалавек. Чарнавус прапанаваў месцам правядзення пляцоўку ў старым парку культуры і адпачынку, якая вызначана гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў. Мэтай акцыі ён пазначыў выказванне пратэсту ў сувязі з павышэннем пенсійнага ўзросту ў краіне.
Чарнавус хацеў высадзіць 58 вербаў і 63 дубы, а паміж імі ўсталяваць валун вагой каля трох тон з надпісам "Дзякуй" роднай уладзе за павышэнне пенсійнага ўзросту!". Паводле слоў актывіста, гарвыканкам не дазволіў гэтую акцыю на той падставе, што заяўнікам не выканана патрабаванне артыкула 5 закона "Аб масавых мерапрыемствах". Сёлета Мікалай Чарнавус планаваў правесці ў Баранавічах чатыры вулічныя акцыі і ўсе яны былі забароненыя чыноўнікамі.