У БДІПЧ патлумачылі, што іх позна запрасілі назіраць за выбарамі

Скрыні для галасавання

Скрыні для галасавання

Улады Беларусі са спазненнем даслалі ў БДІПЧ АБСЕ запрашэнне з прапановай назіраць за выбарамі 26 студзеня, таму назіральнікаў не будзе, заяўляюць у арганізацыі. Пра такое запрашэнне назіральнікаў паведаміла 17 студзеня прэс-служба МЗС.

"Беларусь абвясціла дату прэзідэнцкіх выбараў некалькі месяцаў таму, і ўлады добра разумеюць, што БДІПЧ мае патрэбу ў своечасовым запрашэнні для назірання за ўсімі ключавымі аспектамі выбараў, уключаючы падрыхтоўку да дня выбараў", — пракаментавала ў інтэрв'ю Радыё "Свабода" прэс-сакратар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Каця Андруш.

Яна дадала, што сітуацыя застаецца такой, як яе апісалі ў супольнай заяве Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкая асамблея (ПА) АБСЕ ад 9 студзеня. Арганізацыі выказалі глыбокае шкадаванне з прычыны таго, што афіцыйны Мінск не запрасіў дзяржавы — удзельніцы АБСЕ назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі. У АБСЕ падкрэслілі, што гэта "перашкаджае бесстаронняй і незалежнай ацэнцы выбарчага працэсу".

Каця Андруш таксама паведаміла, ў БДІПЧ працягваюць уважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі "з усіх пунктаў гледжання, ахопленых нашым мандатам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.