У беларускім войску любяць дзедаўшчыну. Тлумачым, чаму

Пацярпелыя па "справе камандзіраў" у зале суда. Фота Еўрарадыё​
Пацярпелыя па "справе камандзіраў" у зале суда. Фота Еўрарадыё​

Назіраючы за  судом над камандзірамі роты, дзе служыў загінулы пінчук Саша Коржыч, мы даведаліся шмат новага пра беларускую армію. Сам суд, як і разгляд "справы Коржыча", які працягваецца з 8 жніўня, пакуль што пакідае шмат пытанняў. Але некаторыя дэталі, агучаныя падчас працэсу, нашмат важней, чым тое, колькі разоў на самой справе прапаршчык Артур Вірбал ударыў сяржанта Яўгена Бараноўскага, і колькі пакуначкаў кавы "3 у 1" Бараноўскі купіў старэйшаму лейтэнанту Паўлу Сукавенку.

Для пачатку — вось такі дыялог, які адбыўся ў судовай зале 2 кастрычніка:

Ці дапамагалі вам ўдары і адцісканні лепш засвойваць матэрыял? — пытаецца ў Антона Вяжэвіча — аднаго з сяржантаў, прызнаных па "справе камандзіраў" пацярпелым, — адвакат Паўла Сукавенкі.

Канешне! Калі паводле статуту, то гэта занясенне ў асабістую справу, вымовы, наша характарыстыка пасля сыходу ў запас, — адказвае Вяжэвіч.

І са "сваімі" вы так жа пагэтаму абыходзіліся? — у сваю чаргу, цікавіцца суддзя.

Ну, так ... Нават Сукавенка казаў: "Што гэта яны ў вас? Пракачаць не можаце іх ці што?".

Іерархія дзедаўшчыны

На судзе па "справе Коржыча" мы даведаліся, як сяржанты здзекаваліся над радавымі. Напрыклад, прымушаючы іх адціскацца ў процівагазах, выпэцкваючы іх рукі абутковым крэмам або адпраўляючы ў краму за пакупкамі для сябе і камандзіраў роты.

На судзе па "справе камандзіраў" гаворыцца пра гвалт з боку старэйшага лейтэнанта і прапаршчыка ўжо ў адносінах да сяржантаў. Камандзіры не выдавалі бясплатна, як мае быць, а прадавалі вайскоўцам берцы і ваенную форму, білі іх за няведанне статута, патрабавалі купляць прадукты.

"Мы атрымлівалі больш, чым салдаты", — казаў пра нестатутныя адносіны з боку камандзіраў адзін з пацярпелых сяржантаў Яўген Бараноўскі.

Але ці абмяжоўваецца дзедаўшчына гэтымі трыма ўзроўнямі армейскай іерархіі?

— Яўген Сяргеевіч, што вы мелі на ўвазе, калі сказалі, што камандзірам таксама даставалася? Начальнік 72-га АНЦ прымусіў бы адціскацца Сукавенку? — цікавіцца ў сяржанта Бараноўскага суддзя.

— Ну, іх па галоўцы дакладна не пагладзілі б за хібы салдат і сяржантаў, — адказвае "Бэран".

Атрымліваецца, што "неустаўшчына" перадаецца і вышэй — на ўзровень капітанаў і вышэйшых афіцэраў?

В белорусской армии любят дедовщину. Объясняем, почему
Пацярпелыя па "справе Коржыча" ў зале суда. Фота Еўрарадыё

Стакгольмскі сіндром

Следчы Камітэт расследаваў "справу камандзіраў" амаль год і прызнаў пацярпелымі семярых сяржантаў. На допытах яны расказвалі пра факты нестатутных адносінаў, аднак на судзе сталі выгароджваць сваіх камандзіраў. Шэсць з сямі пацярпелых абараняюць тых, хто над імі здзекаваўся. Сёмы пацярпелы, сяржант Эрнэст Субоцкі, пакуль не быў дапытаны ў судзе.

З праявамі Стакгольмскага сіндрому ў арміі Еўрарадыё сутыкалася і раней. Увесну ў судзе Барысаўскага раёна за дзедаўшчыну судзілі прапаршчыка з Печаў Ігара Хішчанка. У абвінавачванні быў эпізод пра тое, як ён аднойчы ударыў аднаго з радавых электрашокерам. Мы пагаварылі з пацярпелым і былі некалькі здзіўлены яго словамі пра тое, што ён сам папрасіў прапаршчыка ўдарыць сябе электрашокерам.

"Метады ёсць іншыя, напрыклад, цябе паставяць у нарад, але лепш я па дупе газетай атрымаю, чым пайду ў нарад", — заявіў хлопец.

Нешта вельмі нагадвае, ці не праўда?

Зрэшты, апраўданне катаў можа быць следствам кругавой парукі, прынятай у арміі. На "сваім" судзе (Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжевіч праходзяць абвінавачанымі па справе аб давядзенні да самагубства радавога Аляксандра Коржыча) сяржанты апраўдвалі сябе тым, што прадукты, якія яны прасілі купляць салдат, прызначаліся не для іх, а для камандзіра роты Паўла Сукавенкі, а грошы, якія сяржанты атрымлівалі ад радавых за выкуп смартфонаў, сыходзілі на берцы, бушлаты і форму, якія прапаршчык Артур Вірбал павінен быў выдаваць бясплатна. Але не выдаваў.

Калі ж справа дайшла да суду над камандзірамі, сяржанты вырашылі не ўзгадваць пра гэтыя абвінавачванні. Пры гэтым прапаршчык Вірбал, спачатку выбраўшы стратэгію абароны "нічога не ведаю, нічога не памятаю", у выніку прызнаў віну ў поўным аб'ёме.

В белорусской армии любят дедовщину. Объясняем, почему
Абвінавачаныя прапаршчык Артур Вірбал (злева) і Павел Сукавенка (справа) з адвакатамі ў зале суда.

Сашы Коржыча ў гэтым судзе няма

Вірбалу і Сукавенку прад'яўлена абвінавачанне па частках 1 і 2 артыкула 455 Крымінальнага кодэкса — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, бяздзейнасць улады і перавышэнне ўлады з прымяненнем гвалту. Першапачаткова крымінальныя справы супраць іх заводзілі па іншых артыкулах: Сукавенка — частка 3 артыкула 455, дзе згадваюцца цяжкія наступствы ад злоўжыванне ўладай, Вірбал — артыкул 209 ("Махлярства").

Пасля гібелі Сашы Коржыча Следчы камітэт падазраваў Вірбала ў тым, што ён забраў у радавога банкаўскую картку, здымаў з яе грошы і расплачваўся ў кафэ. Аднак цяпер банкаўская картка ў абвінавачванні не згадваецца, а маці загінулага салдата Святлана Коржыч не згадваецца сярод пацярпелых ад дзеянняў Вірбала і Сукавенкі. Атрымліваецца, СК за год не змог даказаць, што Вірбал доўгі час карыстаўся карткай Коржыча, а Сукавенка, адказны за ўсё, што адбываецца ў роце, звязаны з гібеллю радавога або злачынна бяздзейнічаў? Яшчэ адно пытанне, на якое мы наўрад ці атрымаем адказ.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі