У дакладзе, які чытае Адміністрацыя прэзідэнта, мытнікі шукаюць кантрабанду
Праваабарончы даклад быў падрыхтаваны арганізацыямі The Equal Rights Trust і Беларускім Хельсінкскім камітэтам.
Мытня Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" паведаміла, што даклад, надрукаваны ў Вялікабрытаніі, перададзены на аналіз у аддзел кантрабанды. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік БХК Алег Гулак.
Даклад "За паўгадзіны да вясны" асвятляе праблемы дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі. У ім таксама ёсць шэраг дэталёвых рэкамендацыяў беларускім уладам наконт неабходных рэформаў у заканадаўстве, палітыцы і практыцы па забеспячэнні роўнасці і недыскрымінацыі.
Першая частка накладу была дастаўленая ў Беларусь у ліпені. Тут адбылася прэзентацыя. І частка кніг была дастаўленая беларускім чыноўнікам, кажа Гулак:
Гулак: "Мы даклад даслалі ў зацікаўленыя міністэрствы і ведамствы — у Адміністрацыю прэзідэнта, КДБ, Савет міністраў, Генпракуратуру, іншыя структуры. Ад Адміністрацыі ўжо атрымалі адказ, што інфармацыя прынятая да ведама".
Зараз праваабаронцы даслалі мытнікам ліст з просьбай патлумачыць, якую экспертызу дакладу тыя хочуць рабіць.
Фота — svaboda.org