У Фэйсбуку з'явіўся пост, які мог пакінуць бацька варшаўскага гвалтаўніка
Хлопец, затрыманы па падазрэнні ў нападзе на беларуску
У Фэйсбуку з'явіўся пост, які пакінуў хутчэй за ўсё бацька Дарыяна С. — хлопца, якога падазраюць у згвалтаванні і гібелі беларускі ў Варшаве. Гэта заўважыла выданне MOST.
"Да ўсеагульнага ведама: я нікому не жадаю таго, што здарылася з намі. Для вас гэта сенсацыя, для нас — трагедыя. Я аддаў бы сваё жыццё гэтай дзяўчыне, калі б мог! І я хачу сказаць вам, што мы не кідаем Дарыяна, бо які бацька ў бядзе пакідае сваё дзіця. Для вас ён пачвара, а для мяне ён сын, і калі я думаю пра тое, што ён нарабіў і што ён усё жыццё будзе за кратамі, я гэтага не прымаю", — гаворыцца ў допісе.
Карыстальнік папрасіў пакінуць яго ў спакоі. Ён заявіў, што ўся выказаная нянавісць не мае нічога агульнага з чалавечнасцю. "Ваша нянавісць — гэта толькі візітная картка таго, якія вы людзі", — падкрэсліў ён.
Беларуску Лізавету згвалтавалі і спрабавалі задушыць у цэнтры Варшавы зранку 25 лютага. Злачынца затрымалі праз некалькі гадзін, яму пагражае пажыццёвае зняволенне.
Пацярпелая дзяўчына некалькі дзён правяла ў рэанімацыі, аднак лекарам так і не ўдалося выратаваць ёй жыццё: 1 сакавіка Лізавета памёрла. Дзяўчыну пахаваюць у Варшаве.
6 сакавіка ў Варшаве адбудзецца марш у памяць пра загінулую беларуску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.