У Кіеве заявілі, што на Майдане стралялі снайперы з Расіі і Беларусі
Агонь вёўся і па дэманстрантах, і па праваахоўніках.
На ўгодкі крывавых падзеяў на Майдане былы яго камендант, а цяпер першы віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій выступіў з заявай. У інтэрв'ю РБК-Украіна ён адзначыў, што снайперы 20 лютага 2014-га стралялі не толькі ў дэманстрантаў на барыкадах, але і ў байцоў "Беркута". Парубій нагадаў, што агнявыя кропкі былі абсталяваныя на дахах Адміністрацыі прэзідэнта, Нацбанка, а таксама ў гасцініцы "Украіна".
Украінскі палітык перакананы, што страляў "расійскі спецназ". Праўда, далей ён згадвае і пра снайпераў з Беларусі.
"Мяне падчас Майдана пра яго (спецназ — Еўрарадыё) папярэджвалі некалькі разоў, — распавядае Андрэй Парубій. — Неяк падышоў адзін чалавек, які паведаміў, што супраць нас дзейнічалі чатыры групы — адна з Беларусі, тры з Расіі, задача якіх заключалася ў максімальнай дэстабілізацыі сітуацыі, распальванні супрацьстаяння, стварэння крызісных сітуацый каля дыпламатычных прадстаўніцтваў".
Палітык сцвярджае, што адна з такіх групаў мусіла знішчыць яго. Аднак якраз адзін з яе ўдзельнікаў прыйшоў з папярэджаннем.
Парубій кажа, што аналагічны сцэнар, звязаны з прысутнасцю "трэцяга боку", які працуе на супрацьстаянне, цяпер відавочны на Данбасе.
Нагадаем, што адной з першых ахвяраў сярод абаронцаў Майдана стаў беларус Міхась Жызнеўскі.