У Латвіі расказалі, што ў іх краіне спрабавалі даведацца спецслужбы Лукашэнкі

Грамадзян Латвіі папярэджваюць пра пагрозу вярбоўкі ў Беларусі

Грамадзян Латвіі папярэджваюць пра пагрозу вярбоўкі ў Беларусі / LETA

У Латвіі заявілі, што яе грамадзян "рознымі спосабамі" пераследуюць спецслужбы РБ. Маюцца на ўвазе грамадзяне Латвіі (і іншых краін ЕС), якія працяглы час знаходзіліся ў Беларусі ці часова заехалі на яе тэрыторыю. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аб дзейнасці ў 2023 годзе Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі. У дакуменце згадваюцца некалькі выпадкаў.

Адзначаецца, што спецслужбы РБ "зацікаўлены ў выкарыстанні грамадзян краін-членаў ЕС, якія ўязджаюць у Беларусь, для атрымання інфармацыі аб падзеях у Еўропе, прапагандысцкай дзейнасці па дыскрэдытацыі заходніх краін і іншых мэтаў". Пры гэтым "для дасягнення сваіх мэтаў яны могуць выкарыстоўваць незаконныя метады".

Для спецслужбаў Беларусі працягвае быць важнай разведвальная інфармацыя пра беларускую дыяспару ў Латвіі, пра ўцекачоў з РБ, якія просяць прытулку, пра палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, а таксама "пра эканамічныя працэсы і планы, якія могуць аказаць станоўчы ці адмоўны ўплыў на беларускую эканоміку". Напрыклад, сёлета Латвія забараніла ўвоз сельгаспрадукцыі з Беларусі і Расіі.

Адзначаецца, што ў 2023-м спецслужбы РБ "працягвалі цесна супрацоўнічаць з расійскімі спецслужбамі, а таксама атрымлівалі інфармацыю для задавальнення патрэбаў расійскай выведкі". Іх цікавіла інфармацыя аб абараназдольнасці Латвіі, ваеннай тэхніцы і яе перамяшчэнні па латвійскай тэрыторыі, аб'ектах ваеннай і грамадзянскай крытычнай інфраструктуры.

Паводле аналізу інфармацыі, у Беларусі спецслужбы разглядаюць латвійскіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў і былых вайскоўцаў "як адзін з найбольш каштоўных аб'ектаў для вярбоўкі". Для супрацоўніцтва "асабліва падыходзяць грамадзяне Беларусі, якія маюць віды на жыхарства ў ЕС, але самі або іх сваякі па-ранейшаму жывуць у Беларусі". Пад рызыкай вярбоўкі і кіроўцы з беларускім грамадзянствам, якія працуюць у грузавых кампаніях Еўрасаюза.

Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі паведамляе ў справаздачы, што ў мінулым годзе магчымасці спецслужбаў РБ удалося абмежаваць. Найбольшую актыўнасць выяўляў КДБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі