"Зубы дракона" і равы — у Латвіі зацвердзілі план умацавання мяжы з Беларуссю

Устаноўка бетонных блокаў на ўсходняй мяжы Латвіі

Устаноўка бетонных блокаў на ўсходняй мяжы Латвіі / Арминс Яникс

Кабінет міністраў Латвіі зацвердзіў План узмацнення ўзброеных сіл і супрацьдзеяння мабільнасці на ўсходняй мяжы. Размова ідзе аб граніцы з Беларуссю і Расіяй. Будуць абсталяваны абарончыя пазіцыі для салдат, розныя загароды, выкапаны супрацьтанкавыя равы і сфарміраваны склады боепрыпасаў. Мяркуецца, што Рыга інвестуе ва ўмацаванне ўсходняй мяжы ў найбліжэйшыя пяць гадоў 303 мільёны еўра.

Умацаванне мяжы ў Латвіі пачнуць з перакопкі існуючых дарог і стварэння супрацьтанкавых равоў. У далейшым водаадводныя каналы на мяжы пераробяць у супрацьтанкавыя равы. Будуць таксама расстаўлены розныя віды перашкод — бетонныя блокі і канструкцыі тыпу "зубы дракона", равы таксама ўмацуюць супрацьтанкавымі мінамі.

Размяшчэнне перашкод будзе адаптавана да мясцовасці, гавораць у Рызе, будуць улічаны і задзейнічаны натуральныя перашкоды, у тым ліку балоты. Для аператыўнага ўзмацнення абарончых пазіцый у прыгранічнай зоне таксама абсталююць бяспечныя сховішчы выбуховых рэчываў.

Адзначым, што латвійскі план умацавання ўсходняй мяжы з'яўляецца часткай стварэння агульнай Балтыйскай лініі абароны. Аб яе ўзвядзенні міністры абароны Латвіі, Літвы і Эстоніі дамовіліся ў студзені, было падпісана адпаведнае пагадненне. Лінію абароны будуць выбудоўваць скаардынавана, але фінансаваць яе стварэнне кожная краіна будзе самастойна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі