"У Мінкульце ёсць людзі, для якіх помнікі гісторыі — проста смецце"

Дзяржкантроль знайшоў некалькі нічыйных помнікаў архітэктуры ў Магілёўскай вобласці. Без гаспадароў аказаліся будынак былой сінагогі ў Быхаве, касцёл у вёсцы Расна Дрыбінскага раёна, касцёл Святога Мікалая ў Княжыцах, царква ў вёсцы Сялец Мсціслаўскага раёна, касцёл езуітаў у Мсціславе, а таксама вал “Фрыдрыха Вільгельма”, які ўваходзіць у склад Бабруйскай крэпасці.
 
"Нельга сказаць, што там уладальнікаў не было. Былі арганізацыі, якія адказвалі за стан аб'ектаў. Тое, што яны не былі на балансе, дык гэта з савецкіх часоў. Таму што гэта напаўразбураныя пабудовы, касцёлы. І браць на баланс у цяперашніх умовах праблемна", — кажа намеснік начальніка аддзела ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Ліпскі.
 
Цяпер паводле праграмы "Культура" плануецца правядзенне прац па кансервацыі і гэтыя аб'екты паставяць на баланс. Некаторыя помнікі знаходзяцца ў аварыйным стане. Імі ніхто не займаецца і не рамантуе. Прагучалі нават прапановы выкрасліць іх са спісу помнікаў архітэктуры.
 
Гісторык і сенатар Ігар Марзалюк кажа падчас прэзентацыі Статута ВКЛ у Магілёве, што такія прапановы былі з Міністэрства культуры, але не прайшлі.
 
"Гэта былі дырэктывы з Мінска. Гэта не ініцыятыва мясцовых чыноўнікаў. З Мінкультуры асобныя дабрадзеі, каб не парыцца, такую рэч спрабавалі зрабіць, але не прайшлі. Ёсць людзі, для якіх гэта проста кавалкі смецця, кавалкі камення. Людзі, якія не паважаюць сваё, бо, можа быць, гэта не іх".
 
Між іншага гучалі прапановы знішчыць Школішча — тры яўрэйскія пабудовы на Вялікай Грамадзянскай, у тым ліку Сінагогу.
 
Аляксандр Ліпскі гаворыць, што такія размовы былі. Але прапаноўваць можна ўсё што заўгодна. Пазіцыя ж рады пры Мінкульце, якая прымае рашэнні, маўляў, добра вядомая і рэалізаваць такія прапановы наўрад ці атрымаецца.
 
"Аб'екты другой катэгорыі наўрад ці будуць выведзены з дзяржаўнага спісу. Будуць прынятыя меры па іх захоўванні. Аб'екты трэцяй катэгорыі — тут могуць быць варыянты па некаторых відах, якія можна будзе выводзіць. Гэта ў Магілёве могуць быць казармы на Крупскай, якія ўжо 5 гадоў не могуць прадаць з-за дастаткова высокага кошту і ўмоваў аднаўлення. А ці патрэбныя яны будуць новаму ўласніку або інвестару? Тут і яўрэйскія некаторыя аб'екты, сінагога на Вялікай Грамадзянскай, якой амаль не існуе. Яе даўно перадалі рэлігійнай абшчыне. Але ўжо некалькі гадоў няма зрухаў. І тут пытанне? Няма грошай ці няма жадання?".
 
Што ж датычыцца трох будынкаў па вуліцы Лазарэнкі — іх таксама наўрад ці будуць выключаць са спісу. Два ўжо перадалі на баланс. Пачаліся працы па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі. Трэці будынак выстаўляюць на аўкцыён, дадае Аляксандр Ліпскі.
 
Касцёл у Княжыцах побач з Магілёвам таксама ў аварыйным стане. Гэта адзін з тых, у каго няма ўласніка. Яго паставяць на баланс і закансервуюць.
 
"У цяперашні час па двух касцёлах няма ўласнікаў. Мы звярталіся неаднаразова у каталіцкія парафіі, у іх таксама няма сродкаў. Яны адмовіліся браць на сябе аднаўленне ў поўным аб'ёме. Калі ж гэта касцёл, то ён мусіць аднаўляцца, як касцёл. Дзяржава ў цяперашні час не можа аднаўляць касцёлы ў поўным аб'ёме. Ёсць магчымасць толькі закансерваваць гэтыя аб'екты. Аднавіць дах, каб перакрыць доступ вільгаці. Умацаваць сцены, падмуркі. Трэба праводзіць даследаванне".
 
Сёлета на касцёл у Княжыцах выдалі 900 мільёнаў рублёў. Да 2014-2015 гадоў дадуць каля 2,5 мільярда. Праўда, калі праграма планавалася ў 2010 годзе, гэта былі зусім іншыя грошы, кажуць у аблвыканкаме. Хопіць цяпер гэтых сродкаў ці не? У аблвыканкаме лічаць, што галоўнае — пачаць, а калі не хопіць, то будуць шукаць і даводзіць справу да канца. Што праўда, касцёл у Княжыцах абстаўлялі будаўнічымі лясамі гадоў 10 таму, але тады так і не пачалі нічога рабіць.
 
Cтаршыня абласнога Таварыства аховы помнікаў Уладзімір Краўчанка адзначае, што часам чыноўнікі наўмысна даводзяць гістарычныя будынкі да разбурэння, каб пад выглядам немагчымасці іх рэстаўрацыі папросту іх знесці і такім чынам пазбавіцца ад галаўнога болю. У іншым выпадку на іх месцы будуюць якія-небудзь сучасныя гандлёвыя цэнтры ці памяшканні пад офісы.
 
"Усе гэтыя пералічаныя помнікі, якія яны хочуць знесці, бо імі ніхто не валодае, — гэта не жаданне вырашыць пытанне, а жаданне сысці ад вырашэння гэтага пытання. Магілёўскі праваабарончы цэнтр, Таварыства аховы помнікаў, гуманітарная арганізацыя "Отклик" звярнуліся ў гарвыканкам з просьбай перадаць на іх баланс гістарычны будынак па вуліцы Вароўскага, 9. Мы абяцалі за кошт сяброў гэтых арганізацый адрамантаваць будынак і выкарыстоўваць яго. Аднак прайшоў амаль год, а пытанне не вырашаецца. Гэтаксама як і па астатніх помніках архітэктуры".
 
 
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі