У Мінску актывісту далі 10 сутак за "пікетаванне шляхам фатаграфавання"

Актывіст кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Леанід Кулакоў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне 23 чэрвеня прыняў суд Мінскага раёна, інфармуе БелаПАН.

Нагадаем, сябры "Еўрапейскай Беларусі" Максім Вінярскі, Сяргей Мацкойць і Леанід Кулакоў былі затрыманыя вечарам 19 чэрвеня каля супермаркета "Гіпа" на Лагойскім тракце. Яны спрабавалі вывесіць транспарант з надпісам "Свабоду Рубцову" (гомельскі апазіцыянер Юрый Рубцоў 28 траўня быў асуджаны на два гады калоніі, "Міжнародная амністыя" прызнала яго вязнем сумлення). Двое сутак затрыманыя правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. 22 чэрвеня Вінярскага і Мацкойця асудзілі на 10 і 5 сутак адміністрацыйнага арышту адпаведна. Кулакова адпусцілі, але абавязалі прыйсці на пасяджэнне суда ў аўторак.

Суд прызнаў Леаніда Кулакова вінаватым у "парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў". У прыватнасці, яго абвінавацілі "ў ажыццяўленні пікетавання шляхам фатаграфавання".

Дарэчы, пасля вынясення рашэння асуджанага пад арышт не ўзялі. Кулакову заявілі, што ўсе яго дакументы перададзеныя ва УУС Першамайскага раёна Мінска, якое і будзе выконваць судовае рашэнне.

Леанід Кулакоў збіраецца абскардзіць рашэнне суда Мінскага раёна.

Фота: spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі