У Мінску расце колькасць дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы
Фота: Деловой Гомель
У верасні 2018 года ў Мінску пражывала 1654 дзіцяці з 1050 сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта на 13 дзяцей больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама. Абарона дзяржавы неабходная 243 непаўналетнім мінчукам (у мінулым годзе іх было 251), у 126 дзяцей (144) бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.
У кастрычніку 2018 года загадчыца сектара сацыяльна-педагагічнай працы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Зінаіда Вараб'ёва заявіла, што за перыяд са студзеня па верасень 2018 года 1700 дзяцей, якія знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, былі знятыя з адпаведнага ўліку.
Чыноўніца паведаміла, што пры своечасовым садзейнічанні сацыяльных службаў сітуацыя ў сем'ях хутка нармалізуецца. Большасць дзяцей вяртаецца да бацькоў. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў бывае ў крайніх выпадках. Усяго ў Мінску дзейнічае чатыры дзіцячыя прытулкі, дзе пражывае крыху больш за 300 дзяцей.
У цяперашні час у Беларусі ў рамках Дэкрэта №18 могуць забраць дзіця, калі бацькі п'юць, не працуюць, сварацца. Дакумент быў прыняты 12 гадоў таму. Цяпер дзяржава працуе над яго апгрэйдам.
Паводле звестак ГУУС Мінгарвыканкама, за 11 месяцаў 2018 года ў Мінску было зарэгістравана 266 (супраць 311 за аналагічны перыяд 2017-га) злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. З іх 11 (12) забойстваў і замахаў на забойства і 21 (14) наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.