У Мінску зноў пройдзе фестываль фарбаў Color Holi Fest
Арганізатары ўразіліся колькасцю наведнікаў і рэзанансам першага фэсту фарбаў і вырашылі паўтарыць яго не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах.
Color Holi Fest, які збірае аматараў яркіх фарбаў і вясёлага адпачынку, зноў пройдзе ў Мінску! Першы музычны фэст фарбаў прайшоў у сталіцы 7 чэрвеня, і за адзін дзень яго наведала каля 30 тысяч чалавек. Але не ўсе ахвочыя выкупацца ў фарбах змаглі наведаць фестываль, таму арганізатары вырашылі яшчэ двойчы паўтарыць яго ў Мінску і прывезці ў іншыя гарады.
Па словах арганізатараў, Color Holi Fest мае мэтай аб'яднаць моладзь. Гэта свабода самавыяўлення і творчы пошук, а таксама здаровы і вясёлы адпачынак на свежым паветры.
Найбліжэйшы фэст фарбаў адбудзецца 2 жніўня ў парку Dreamland. Апроч уласна бітваў фарбамі чакаюцца выступы Дзімы Камінскага, гурта NAVI , барабаннага шоў "Drum Killa", Olisa, Djs Magic Sound, Dj Denny Todd і іншых. Івэнт пачнецца а 12-й і працягнецца да 19.00. Уваход на яго вольны. Стваральнікі фэсту кажуць, што гэтым разам яны падрыхтавалі яшчэ больш тон фарбы, набыць яе можна будзе проста на фэсце па дэмакратычных цэнах. Сваю фарбу прыносіць нельга.
Апроч музычнай зоны і зоны "боек" на тэрыторыі фэсту будзе дзіцячая зона і зона адпачынку.
Мінчане выкупаліся ў фарбах – фотарэпартаж з ColorFest
Арганізатары мяркуюць, што івэнт 2 жніўня стане генеральнай рэпетыцыяй да грандыёзнага Color Holi Fest на аэрадроме "Баравая", які завершыць лета 30 жніўня. У жніўні фэсты пройдуць у іншых гарадах Беларусі.
Паводле прэс-рэлізу