У новым альбоме Kriwi узвядуць жанчыну на п'едэстал (фота, відэа)

"Можаце зрабіць аб'яву, — просіць Вераніка Круглова.Эратычныя жанчыны Kriwi шукаюць беларускага Бэры Уайта для пяшчотнага барматання ў адной з нашых песень".

Так, Еўрарадыё завітала на запіс новага альбома Kriwi, які складуць цалкам новыя творы. Ён будзе вытрыманы ў духу erotic-ethno, але, смяецца Вераніка Круглова, маецца на ўвазе erotic у самым лепшым сэнсе гэтага слова. Галоўнай фішкай кружэлкі стане вакальнае раўнапраўе ўдзельніц каманды: непасрэдна Веранікі, Насты Хмель і Валерыі Валадзько. А прысвячаецца лонгплэй жанчыне:

"У нас тры раўнапраўных лідары ў гэтым праекце, тры жанчыны са сваім лёсам, са сваёй душой, з моцна і яскрава выяўленай лініяй. У нас няма канкурэнцыі. Мы, наадварот, балдзеем адна ад адной, мы кайфуем ад спеваў кожнай з нас. Мы даём кожнай шанец самавыказацца. Наш мэсэдж у свет — апяванне вобраза жанчыны-маці, жанчыны-сяброўкі, жанчыны-палюбоўніцы, дзяўчынкі, сястры, бабулі. Сваім мастацтвам цяпер мы ставім жанчыну на п'едэстал".

Некаторыя песні, якія ўвойдуць ў альбом, можна было ўжо чуць на канцэртах каманды, хаця на дыску яны атрымаюць новую інтэрпрытацыю. Некаторыя з іх Наста Хмель запісала ў вёсцы Залессе, што ў Белавежскай пушчы:

"Цяпер я жыву ў Белавежскай пушчы, і ў нас там дзве бабулі спяваюць — баба Маня і баба Валя. Адна песня ў нас ад іх  — "Там за лугом зэлэнэнькым брала ўдова лэн дробнэнькый", то бок, яе ведаюць і па іншых рэгіёнах, але мы робім менавіта так, як спяваюць яны".

На думку Насты, новая кружэлка Kriwi, у параўнанні з папярэдняй "Траўкаймураўкай", выглядае больш простай і папсовай, хоць многія песні будуць складанымі па форме і змесце. Аднак, кажа спявачка, якая на новым дыску выступае таксама як асноўная гітарыстка і да таго ж сочыць за запісам у адсутнасці Веранікі Кругловай, кружэлка будзе больш лёгкай для ўспрымання. Валерыя Валадзько ў сваю чаргу мяркуе, што атрымліваецца свежая і новая музыка, маўляў, "у гэты бок мяне прэ", і нават хворай прыходзіць на запіс.

Папярэдні лонгплэй Kriwi "Траўкамураўка" выйшаў у 2013 годзе і быў высока ацэнены беларускімі і замежнымі крытыкамі. Праўда, паміж ім і папярэднікам "Мінск-Берлін" была паўза ў 10 гадоў. Гэтым разам музыкі вырашылі не спыняцца. Дакладней, яно само так атрымалася: песні нараджаюцца адна за адной, і з імі трэба нешта рабіць.

"Нам спадабалася працаваць над мінулым альбомам. Але ў любым выпадку мы не спяшаемся, мы хочам, каб гэта было прадумана, вытанчана, — прызнаецца Наста Хмель. А Вераніка дадае: "У нас няма параноі ці спешкі. Мы ўсё робім у кайф — мы проста так хочам. Але не выключана, што пласцінка з'явіцца сёлета".

Над стварэннем новага дыску Kriwi апроч дзяўчат працуюць браты Золатавы — Аляксей (бубны) і Ціхан (бас), бітбоксер Груша (Дзяніс Жураўлёў) ды скрыпач Карэн Карапецян. Дзяўчаты кажуць, што яны адкрытыя да прапановаў і з радасцю ўпусцяць у каманду цікавых інструменталістаў і вакалістаў. "Але пакуль галоўнае — знайсці "шаптуна" Бэры Уайта", — смяюцца спявачкі і заводзяць шыкоўны "пачак" у столінскай песні "Пойду жэ ў лес по дровы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі