У панядзелак у Гродне пачнецца суд над палітзняволенай Сафіяй Сапега
28 сакавіка ў Гродне ў абласным судзе пачнецца працэс над палітзняволенай Сафіяй Сапега. Яе затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам — іх знялі з пасаджанага ў Беларусі рэйса Ryanair Афіны — Вільня.
Сапега — грамадзянка Расіі. Спачатку яе абвінавацілі ў адміністраванні "экстрэмісцкага" тэлеграм-канала, у якім публікаваліся асабістыя даныя беларускіх сілавікоў. Потым стала вядома, што Сафіі выставілі абвінавачанне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці, незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці, персанальных дадзеных, арганізацыя гвалту і пагрозы яго прымянення ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў і г. д.).
Сафія Сапега заключыла дасудовае пагадненне са следствам, пісала прашэнне аб памілаванні. Тым не менш ёй пагражае некалькі гадоў зняволення.
У апошнія месяцы Сапега знаходзіцца пад хатнім арыштам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.