У судзе па справе Аляксея Кудзіна дапыталі дзясятак сведак
У судзе Маладзечанскага раёна працягваецца працэс над шматразовым чэмпіёнам свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксеем Кудзіным. Яго абвінавачваюць у "супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, спалучаным з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення". У жніўні 2020-га Кудзін удзельнічаў у Маладзечне ў акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яго спрабавалі затрымаць сілавікі і ён абараняўся.
Як піша "Рэгіянальная газета", у пятніцу дапыталі дзясятак сведак. Большасць з іх — міліцыянеры. Многія не бачылі, каб спартсмен кагосьці біў, казалі, што ён стаяў спакойна, лозунгі не выкрыкваў. А Дзмітрый Судніковіч з мясцовага РАУС, які здымаў акцыю на відэа, заявіў, што выключыў камеру і не зняў дзеянні спартсмена. На пытанне суда, чаму ён выключыў камеру, сведка адказаў: "Я ўжо заставаўся адзін... Баяўся за сваю бяспеку".
Аляксей Кудзін заявіў у судзе, што ў адным з інтэрв'ю расказваючы пра жнівеньскія падзеі 2020-га, "паддаўся эмоцыям", таму яно "было праўдзівым часткова" (там ён казаў, што пасля яго ўдараў сілавікі разляталіся ў розныя бакі).
"Была крыўда, — казаў Кудзін. — Думалася: я не апошні чалавек у краіне, 10 гадоў быў у нацыянальнай зборнай. Столькі ўзнагарод для Беларусі заваяваў, трэніраваў, рэкамендаваў людзей для службы асабістай бяспекі Лукашэнкі, а з мяне робяць нейкага гопніка".
10 жніўня ў судзе будуць спрэчкі бакоў.
У лістападзе 2020-га Кудзін, пазбягаючы крымінальнага пераследу, з'ехаў у Расію. Але яго там затрымалі ў студзені сёлета. Генпракуратура Беларусі даслала ў Расію зварот аб экстрадыцыі, і РФ у ліпені выдала байца, нягледзячы на забарону Еўрапейскага суда па правах чалавека.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.