У Тэатры юнага гледача, які ўзначаліла жонка Макея, Быкава пераклалі на рускую
Вера Палякова / БЕЛТА
22 чэрвеня ў Тэатры юнага гледача, які нядаўна ўзначаліла жонка міністра замежных спраў Вера Палякова, адбудзецца прэм'ера спектакля па матывах "Альпіскай балады" Васіля Быкава. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў сацсетках тэатра.
Спектакль называецца "Альпы. Сорак першы", мае ўзроставы цэнз "12+". У паведамленні таксама гаворыцца, што "спектакль ідзе на рускай мове". Арыгінальны тэкст, нагадаем, быў напісаны на беларускай мове, і да прыходу Паляковай у тэатр там ставілі спектаклі толькі на беларускай. Атрымаўшы пасаду, Вера Палякова заявіла, што мае намер адмовіцца ад гэтай практыкі. На яе думку, беларуская мова перашкаджае зарабляць грошы. "Упірацца толькі ў беларускую мову — губляць частку гледачоў, да прыкладу, гасцей горада. Я лічу, што спектаклі павінны быць на дзвюх мовах", — казала яна.
Такім чынам, у Беларусі засталося ўсяго 5 беларускамоўных тэатраў з 29 прафесійных.
Палякова змяніла на пасадзе дырэктара Тэатры юнага гледача Уладзіміра Савіцкага, які ўзначальваў яго з 2010 года. У тыя дні міністр культуры Анатоль Маркевіч казаў, што ў Беларусі за палітычныя погляды з устаноў культуры звольнілі больш за 300 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.