У Ветцы затрымалі маладафронтаўцаў Урбановіча і Трыгубава

У Ветцы затрымалі маладафронтаўцаў Урбановіча і Трыгубава

26 жніўня ў Ветцы на Гомельшчыне затрымалі лідара "Маладога фронту" Дзяніса Урбановіча, прэс-сакратара "Маладога фронту" Віталя Трыгубава і актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Сяргея Мацкойця.

Урбановіч і Мацкойць выйшлі на волю ў канцы ліпеня пасля 20-дзённага арышту. Яны расказвалі пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання ў ізалятары на Акрэсціна. Трыгубаў выйшаў на волю напрыканцы чэрвеня пасля 30 дзён арышту.

Іх знаёмы расказаў журналістам, што ад Урбановіча пасля вызвалення супрацоўнікі КДБ патрабавалі распусціць "Малады фронт" і пагражалі крымінальнай справай.

У Ветку актывісты прыехалі з Гомеля і пайшлі ў кавярню. Туды пад’ехалі чатыры машыны сілавікоў. Актывістаў даставілі ў аддзяленне міліцыі. Мацкойця адвялі асобна ад астатніх, бо ён нібыта абвешчаны ў вышук у Мінску.

Урбановіча і Трыгубава, як паведамляецца, спярша пасялілі ў гатэль у Ветцы за кошт іх саміх, а праз некалькі гадзін забралі адтуль, адвезлі ў Мазыр і пасялілі ў іншы гатэль. Адтуль актывісты маглі тэлефанаваць знаёмым, але супрацоўнікі КДБ хадзілі следам за імі. Урэшце іх затрымалі, павялі ў Следчы камітэт, далі дзяжурнага адваката.

Следчы з Мазыра паведаміў сваякам Урбановіча, што яго падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мазыры ў жніўні 2020 года. Між тым, па словах знаёмага, Урбановіч у той час быў у Лагойску.

Мацкойць кажа, што стаў ахвярай правакацыі: ён пазычыў знаёмаму грошы, а той пакінуў у заклад мабільнік. А пасля гэтага напісаў заяву ў міліцыю пра крадзеж. Пакуль Мацкойць адбываў арышт у ізалятары, яго кватэру ўзламалі. Калі ён вярнуўся дадому, то пабачыў на дзвярах паперку ад імя ўчастковага з прапановай добраахвотна здацца: яго вінавацяць у крадзяжы (арт. 205 КК) і ў чымсьці, звязаным з наркотыкамі (арт. 328 КК). Пазней артыкул пра наркотыкі нібыта  знялі.

Акрамя таго ў Мацкойця хочуць забраць трохпакаёвую кватэру ў Мінску, якая засталася ад бацькоў, але не была прыватызаваная. За апошні год актывіст не меў пастаяннай працы і не аплочваў тую кватэру. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі