У Вільні адбылася чарговая антыбеларуская правакацыя

Дом у Вільні, дзе жыў Вацлаў Ластоўскі

Дом у Вільні, дзе жыў Вацлаў Ластоўскі / delfi.lt

У Вільні адбылася чарговая антыбеларуская правакацыя. У цэнтры літоўскай сталіцы на вуліцы Піліма на будынку з'явіўся беларускамоўны надпіс "Вільня наша" і "знак, які сімвалізуе беларускі гістарычны сцяг". Як піша Delfi, яго заўважыў мясцовы жыхар і паведаміў гарадскім уладам. Надпіс хутка змылі. У паліцыю звароту не было, таму не будзе і расследавання.

Выданне адзначае, што ў згаданым доме ў Вільні больш за сто гадоў таму жыў беларускі дзеяч Вацлаў Ластоўскі (яго ў публікацыі называюць "адным з заснавальнікаў ідэалогіі літвінізму"). Там жа ў 1909-1911 гадах была рэдакцыя газеты "Наша ніва".

"Наша ніва" звяртае ўвагу, што літары "ш" і "л" напісаныя так, як пішуць іх людзі, якія карыстаюцца лацініцай і не ведаюць кірыліцы. Вельмі дзіўна напісана і літара "я" ў слове "Вільня". Такая ж дзіўная і выява сцяга: беларусы звычайна не намалююць так тонка сярэднюю паласу.

Таму найхутчэй гэта была правакацыя, замоўленая антыбеларускімі сіламі. "Расія і рэжым Лукашэнкі зацікаўленыя ў тым, каб зрабіць з беларусаў "пагрозу" для Захаду, — нядаўна пісаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка. — Яны ўжо штучна змаглі раздуць інфармацыйную правакацыю/спецаперацыю пад назвай "літвінізм" у Літве". 

У Вільні адбылася чарговая антыбеларуская правакацыя
delfi.lt

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі