УЕФА не плануе санкцый у дачыненні Беларусі за "палітычныя крычалкі" заўзятараў
Пасля гульняў нацыянальнай зборнай з Сан-Марына і Малдовай Беларуская федэрацыя футбола паведаміла, што Беларусь чакаюць санкцыі з боку УЕФА з-за "палітычных крычалак" заўзятараў. Еўрарадыё папрасіла УЕФА патлумачыць, у чым прычына санкцый.
Адказ здзівіў:
“No charges have been opened against the Football Federation of Belarus in this respect in either of the two UEFA Nations League matches”. [Супраць Федэрацыі футбола Беларусі не былі распачатыя аніякія справы пасля абедзвюх гульняў Лігі Нацый UEFA, — Еўрарадыё].
Як жа так? Яшчэ 18 верасня АБФФ паведамляла:
“...на стадыёне “Дынама” на сектары “В12” актыўным ядром заўзятараў скандаваліся палітычныя крычалкі і выкарыстоўваліся піратэхнічныя вырабы. Супрацьпраўныя дзеянні дэлегат УЕФА зафіксаваў і падчас выязной гульні “нацыяналкі” у Кішынёве 11 верасня. У выніку з вялікай доляй верагоднасці па выніках пасяджэння дысцыплінарных органаў УЕФА на АБФФ будуць накладзеныя санкцыі.
...Фіксацыя падобных супрацьпраўных дзеянняў цягне за сабой накладанне дысцыплінарных санкцый на Асацыяцыю “Беларуская федэрацыя футбола”. Мы і раней падкрэслівалі недапушчальнасць распальвання нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, прапаганды выключнасці, перавагі альбо непаўнавартасці грамадзян па прыкмеце іх дачынення да нацыянальнай прыналежнасці — і ўсяляк імкнуліся засцерагчы ад чаго-небудзь падобнага беларускі футбол.
Мы заклікаем адмовіцца ад выкарыстання крычалак палітычнага кшталту, а таксама ад выкарыстання піратэхнічных вырабаў на футбольных матчах любога рангу ўнутры рэспублікі, а таксама за яе межамі...”
Еўрарадыё звярнулася ў прэс-службу АБФФ, каб высветліць, як ідуць справы з санкцыямі, згодна з папярэдняй заявай беларускага боку.
“Пра тое, у якім стане знаходзіцца разгляд справы, вам трэба пытацца ў УЕФА. Мы не можам казаць ад імя гэтай арганізацыі, — адказалі нам. — Можа быць папярэджанне ці штраф. А як гэта адаб’ецца на зборнай? Ды ніяк. Заплаціць трэба будзе — і ўсё”.
Таксама прадстаўнік АБФФ распавёў, што пакуль яны не атрымалі аніякіх папер, бо пасяджэння ў УЕФА яшчэ не было. А як толькі яно адбудзецца, Еўрапейская федэрацыя паведаміць прадстаўнікам беларускай пра прынятыя меры.
Такім чынам, беларуская зборная не будзе пакараная за палітычныя крычалкі заўзятараў кшталту “Хто не скача — той маскаль” і некаторыя іншыя. А вось пытанне з піратэхнікай дагэтуль адкрытае: выкарыстоўваць яе забаронена і непрымальна на гульнях нацыянальных зборных, а таксама іншых міжнародных турнірах пад эгідай УЕФА.