Украіна абвяргае "інсінуацыі Лукашэнкі" пра яе ўдзел у дыверсіі ў Мачулішчах

Украіна нагадвае Лукашэнку пра пагрозу незалежнасці Беларусі / Ілюстрацыйнае фота pap.pl
Украіна нагадвае Лукашэнку пра пагрозу незалежнасці Беларусі / Ілюстрацыйнае фота pap.pl

Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з заявай з нагоды абвінавачванняў, якія прагучалі 7 сакавіка з Мінска. "Катэгарычна адкідаем інсінуацыі Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта дачыненне ўкраінскага боку да падзей на аэрадроме "Мачулішчы", гаворыцца ў каментары прэс-службы. — Відавочна, што гэта з'яўляецца чарговай спробай стварыць штучную пагрозу з боку Украіны дзеля апраўдання сваёй падтрымкі агрэсіі Расіі. Пагрозу трэба шукаць не ва Украіне, якая змагаецца за сябе і шукае міру. Яна ляжыць у Расіі, якая разнастайнымі спосабамі спрабуе і яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну, канчаткова пазбавіць яе незалежнасці і суверэнітэту".

У сваім выступе Лукашэнка заявіў не толькі пра дачыненне Украіны да "спробы тэракту", пра затрыманне "ўкраінскага тэрарыста", але і абразіў прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. "Аляксандр Лукашэнка таксама дазволіў сабе грубы персанальны выпад на адрас Прэзідэнта Украіны. Гэты акт бяссілля пакінем без адказу", — гаворыцца ў каментары прэс-службы МЗС Украіны.

Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў сцвярджае, што 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах дыверсію здзейснілі "ўдзельнікі плана "Перамога", беларускія партызаны", якія ўжо з'ехалі з Беларусі. Ён лічыць, што сілавікі Лукашэнкі затрымліваюць людзей, якія не маюць дачынення да згаданай акцыі. 26 лютага ў Мачулішчах быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 (па словах Лукашэнкі, на ім "драпіны і адна прабоіна").

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі