Па справе, распачатай за "акт тэрарызму", праходзіць больш за 20 чалавек — КДБ

Аўтазак каля КДБ / З архіву Еўрарадыё
Аўтазак каля КДБ / З архіву Еўрарадыё

Па крымінальнай справе, распачатай за "акт тэрарызму", праходзіць больш за 20 чалавек, паведамляе КДБ. Сярод іх — нехта Мікалай Швец, якога абвінавачваюць у правядзенні дыверсіі ў Мачулішчах. Яго называюць "непасрэдным выканаўцам — агентам украінскай спецслужбы". Сам ён кажа, што з'яўляецца грамадзянінам Украіны, у Беларусь прыехаў праз Расію.

Па версіі КДБ, іншыя затрыманыя ўваходзілі ў "агентурную сетку з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь", дапамагалі "дыверсанту", ці ўдзельнічалі ў "няўдалай спробе эвакуацыі" Швеца. Сцвярджаецца, што беларусы дзейнічалі, выконваючы загады беларускіх цэнтраў за мяжой.

Як піша @viasna96, на відэа затрымання Мікалая Швеца — дом друкара Алега Сычова ў садовым таварыстве "Бярозавы Гай" у вёсцы Чарцяж (Бараўлянскі сельсавет). Сычова і яго жонку сілавікі затрымалі на мінулым тыдні ў гэтым самым доме, іх утрымліваюць у СІЗА КДБ.

Аляксандр Лукашэнка ў аўторак абяцаў маштабную "зачыстку" Беларусі ад іншадумцаў. КДБ рапартуе, што "маштабныя мерапрыемствы" ўжо праводзяцца. Яны накіраваны "на адпрацоўку асоб з дэструктыўнага асяроддзя на прадмет датычнасці іх да супрацьпраўнай дзейнасці".

Кіраўнік BYPOL Аляксандр Азараў сцвярджае, што 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах дыверсію здзейснілі "ўдзельнікі плана "Перамога", беларускія партызаны", якія ўжо з'ехалі з Беларусі. Ён лічыць, што сілавікі Лукашэнкі затрымліваюць людзей, якія не маюць дачынення да згаданай акцыі. 26 лютага ў Мачулішчах быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50 (па словах Лукашэнкі, на ім "драпіны і адна прабоіна").

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі