Украінскі ваенны эксперт: Размова ўжо ідзе пра захаванне Кіева
Чым сітуацыя ў Луганску пагражае ўсёй Украіне, як гэта адаб'ецца на Беларусі і чаму ўкраінскае войска не кантралюе сітуацыю, аналізуе Аляксей Арастовіч.
Даведка Еўрарадыё: Аляксей Арастовіч — у мінулым кадравы афіцэр Узброеных сіл Украіны, разведчык, капітан запасу. Службовая дзейнасць была звязаная з распрацоўкамі ў галіне аператыўнай псіхалогіі, канфлікталогіі і псіхалогіі экстрэмальных сітуацый. Заснавальнік грамадскай арганізацыі “Народны рэзервіст” па падрыхтоўцы дабравольцаў для войска, ваенны эксперт.
Еўрарадыё: У сітуацыі, калі мяжа дзіравая і да сепаратыстаў пастаянна падыходзяць падмацаванні тэхнікай і салдатамі, як, на ваш погляд, неабходна дзейнічаць украінскім сілам АТА?
Аляксей Арастовіч: Нам трэба адкатвацца на лінію Палтава-Днепрапятроўск-Запарожжа-Крымскі перашыек і будаваць там стратэгічную абарону, бо нашы стратэгі размазалі армію па пасёлках, па ўзводах і ротах, забыўшыся, што галоўны прынцып вайны — гэта канцэнтрацыя намаганняў. Бо групоўкі праціўніка заходзяць у стыкі паміж часткамі АТО — групоўка ж вялізная. А там тысяч 15-20 баявікоў, плюс 12-15 тысяч расіян, і яны ўжо пачынаюць удвая пераўзыходзіць нашу групоўку. І размова ўжо не ідзе ні пра якое АТА, ні пра якое вызваленне Луганска — размова ідзе пра тое, каб захаваць Кіеў, Днепрапятроўск, Адэсу, Нікалаеў, Запарожжа і гэтак далей.
Еўрарадыё: Магчыма, ужо надыйшоў час афіцыйна прызнаць, што Украіна вядзе вайну, а не антытэрарыстычную аперацыю?
Аляксей Арастовіч: Даўно трэба. Ноччу ў Адміністрацыі прэзідэнта праходзіла адмысловае пасяджэнне і Парашэнка сказаў, што трэба ўводзіць ваеннае становішча, бо штаб АТА, наша ваеннае кіраўніцтва ўводзяць яго ў зман і расказваюць, што ўсё пад кантролем. А ён чалавек, які не ў стане ацаніць гэта самастойна, бо ў яго няма ваеннай адукацыі і разумення сітуацыі. У кожным выпадку, думаю, што падзеі заўтрашняга дня прымусяць яго гэта зрабіць, бо мы напярэдадні штурму Марыупаля і разгрому нашых войскаў пад Ілавайскам.
Еўрарадыё: І што тады – чысткі ў Генштабе?
Аляксей Арастовіч: Думаю, што у нас будзе вельмі цяжкі ўнутрыпалітычны крызіс на фоне расійскага ўварвання, што будзе пастаянна пашырацца. Простымі словамі: гэта будзе катастрофа. Людзі будуць біць вокны ў Генштабе і Адміністрацыі прэзідэнта. Бо яны могуць пайсці не толькі з усходу: можа быць атака на Адэсу з боку Прыднястроўя, на Харкаў з боку поўначы. А ў такім выпадку ўлада ў нас згубіць кіраванне над краінай, усё разваліцца, і мы пераходзім да партызанскага руху. Арганізаванага супраціву не ўдасца дабіцца.
Еўрарадыё: Нейкія ў вас занадта песімістычныя прагнозы…
Аляксей Арастовіч: Ну, калі яны былі ідыётамі ўсе 23 гады незалежнасці і асабліва выразнымі ідыётамі апошнія 4 месяцы, то я не думаю, што яны раптоўна паразумнеюць пад уплывам пераўзыходзячых абставін. Для гэтага неабходна мець хаця б палітычную волю, чаго няма. Таму мы зараз усе дружна рыхтуемся да партызанскай вайны.
Еўрарадыё: Магчыма, абставіны прымусяць кіраўніцтва краіны цалкам змяніць Генштаб?
Аляксей Арастовіч: Яны проста не паспеюць. А па-другое, у іх проста няма крытэрыяў, па якіх могуць ставіць новых людзей. У нас жа пачалася “лёвачкаўшчына” — прэзідэнта пачалі пільна аберагаць ад альтэрнатыўнай інфармацыі, строга дазаваць яе.
Еўрарадыё: І які ваш прагноз наконт Кіева — яго хоць не страціце?
Аляксей Арастовіч: Страцім, я думаю. Прынамсі, за яго будуць вельмі сур’ёзныя і цяжкія баі. У нас на поўначы войскаў няма, няма каму абараняць… У нас уся баяздольная групоўка знаходзіцца на ўсходзе — уся! Калі нанесці ўдар з боку Харкава і з Крыма, то яна ўся трапляе ў атачэнне па лініі Дняпра. І яна развальваецца. А далей тут абараняць няма каму апроч мужчын, якія пахапаюць аўтаматы.
Еўрарадыё: Калі разважаць пра ўварванне з поўначы, то якой, на ваш погляд, будзе ў ім роля Беларусі?
Аляксей Арастовіч: Усё залежыць ад рашэння аднаго чалавека. Беларускія ваенныя рэгулярна праводзяць вучэнні з расійскімі, групоўка, якая была ў вас на парадзе, часткова засталася ў Гомельскай вобласці — хаваецца па лясах. У цэнтры падрыхтоўкі беларускай арміі расійскія інструктары цяпер праводзяць сумесную інтэнсіўную падрыхтоўку. Тэматыка вучэнняў была: напад на Кіеў беларускага спецназу і атрыманне кантролю над аэрадромамі. Спецпадрыхтоўка праведзеная, беларусы гатовыя ўдзельнічаць, а вось ці будзе аддадзены загад — гэта залежыць ад Лукашэнкі. Бо і Расія, і Беларусь — гэта краіны, дзе ўсё вырашае адзін чалавек, і што ў яго ў галаве не ведае ні начальнік расійскага Генштаба, ні беларускага Генштаба. У кожны момант усё можа быць зменена. Але ўлічваючы тое, што Лукашэнка арганізаваў перамовы ў Мінску і імкліва легітымізуецца адносна Еўропы, то цалкам магчыма, што ён устрымаецца ад удзелу. Альбо, калі будуць войскі ўводзіць, то пад выглядам міратворцаў для размежавання бакоў — розныя варыянты магчымыя. Можа, беларускія “зялёныя чалавечкі” з’явяцца без апазнавальных знакаў і ніхто не скажа, што Беларусь бярэ удзел.
Еўрарадыё: Адкуль у вас такая інфармацыя пра падзеі ў Беларусі? Яе ведаюць у Генштабе Украіны?
Аляксей Арастовіч: Гэтай інфармацыяй валодае і Генштаб, і СНБА Украіны. Вы ж разумееце, што я не з газет бяру інфармацыю — у мяне свае крыніцы.
Еўрарадыё: І што робіцца, сыходзячы з гэтай інфармацыі?
Аляксей Арастовіч: Вы зразумейце: у нас вельмі сумная сітуацыя ў войсках. Прыкладна палова афіцэраў у падраздзяленнях кажа: “На кой нам быў той Майдан?! З яго ўсё пачалося. Не хочам мы ваяваць, нікому гэта не трэба”… Такія вось настроі. І плюс — кіраўніцтва АТА. Да прыкладу, генерал Назаркін — камандуючы сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны. Яго брат у Расіі — намеснік начальніка Омскага гарнізона і кватэру ў Маскве. І як толькі гэты чалавек дацягваецца да планавання аперацый з удзелам спецназа, то ўсе яны заканчваюцца альбо правалам, альбо смерцю нашых спецназаўцаў. І ўсе гэта ведаюць, ведаюць усіх астатніх генералаў, якія здаюць афіцэраў і планы аперацый. Але як толькі прэзідэнту спрабуюць данесці альтэрнатыўную інфармацыю, афіцэры сярэдняга ўзроўню ці проста незалежныя эксперты, ён выклікае генералаў: “Гэта праўда?”, “Ды што вы! Гэта панікёры і трусы! А хто ўвогуле будзе ваяваць — мы хоць ваюем!” І ён супакойваецца: “Ваюйце, хлопцы, вось вам званне генерал-палкоўнікаў”.
Еўрарадыё: Ці можна ў наш час весці партызанскую вайну?
Аляксей Арастовіч: А чаму не? У гарадах, у лясах нармальна можна весці партызанскую вайну. Каўказ ужо 25 гадоў вядзе партызанскую вайну, а мы не зможам? Ва Украіне вельмі добрыя партызанскія традыцыі. Гэта ў нашай крыві — Майдан арганізавалі, партызанская вайна ў цэнтры горада практычна. Самаарганізацыі нас жыццё навучыла.
Еўрарадыё: Няўжо калі расійскія войскі дойдуць да Кіева,то і тады сусветная супольнасць гэта сцерпіць?
Аляксей Арастовіч: Яна цяпер вельмі моцна падзялілася. Глядзіце, учора прадстаўнік ЕС ва Украіне назваў тое, што адбываецца паўнавартасным расійскім уварваннем. Сёння ЕС адхрысціўся і сказаў, што гэта было прыватнае меркаванне, мы так не лічым. Швейцарыя збірае Савет АБСЕ на надзвычайнае пасяджэнне па Украіне, а Германія кажа, што не трэба. Гэты канфлікт падзеліць і Еўропу паміж сабой. Ды што далёка хадзіць, возьмем ЗША. Ёсць там “ястрабы”, якія настойваюць ледзь не на ядзерным удары па Расіі, а ёсць Абама, які ніяк ні на што не можа рашыцца. З іншага боку, правільна сказаў адзін нямецкі дэпутат: “А чаму мы павінны дапамагаць Украіне? Мы глядзім на Украіну — палова краіны ў адпачынку на курортах, ваенны стан не аб’яўлены, дыпламатычныя адносіны не разарваныя, краіна не мабілізуецца, не пераходзіць да стану супраціву ваеннай агрэсіі. Не называе нават вайну вайной. Можа, мы лепш курдам будзем дапамагаць? Яны хоць жыцці не шкадуюць дзеля незалежнасці і нягледзячы ні на што будуць ваяваць. А гэтая краіна гуляе ў вайну”. І гэта справядліва, між іншым. А “гуляе” краіна таму, што нашы афіцыйныя асобы не называюць вайну вайной. А вы ж памятаеце словы капітана Врунгеля: “Як карабель назавеш, так ён і паплыве”.
Еўрарадыё: Кіраўніцтва Беларусі вельмі напружылася, калі пачаліся падзеі ў Крыме, дадалі насцярогі падзеі на Данбасе — не вельмі камфортнае будзе адчуванне, калі пачнуць спраўджвацца вашы прагнозы наконт далейшага развіцця падзей ва Украіне…
Аляксей Арастовіч: Як мінімум у такой сітуацыі беларуская армія стане ўздоўж мяжы, каб пазбегнуць вала ўцекачоў і заходаў партызанскіх атрадаў, якія паспрабуюць перанесці партызанскага руху з Украіны на Беларусь. Ва Украіне будзе гуманітарная катастрофа, а Беларусь будзе ўцягнутая ў зоны яе дзеяння. Па меншай меры, дзесьці да Мінска ўсе ў вас будуць адчуваць, што побач краіна пад акупацыяй, якая вядзе вайну. Застацца зусім у баку немагчыма. Гэта як Афганістан і Пакістан, які нібыта і не ваяваў у той час, калі у Афганістане ішла і ідзе вайна, але цень кладзецца на ўсю краіну. Тое ж будзе і з Беларуссю. Якія рашэнні яна прыме пры гэтым, залежыць шмат ад якіх фактараў, якія сёння вельмі складана прагназаваць. Да прыкладу, ці зможа Захад выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю наконт таго, што адбываецца, ці пачне ціснуць эканамічна і гэтак далей. Тады Лукашэнку давядзецца пятляць, прымаць нейкія свае рашэнні.
Еўрарадыё: Пасля ўсяго, што вы расказалі і пра асобных генералаў, і пра агульную атмасферу ў арміі і краіне, па іншаму глядзіш на абвінавачванні, што, маўляў, не проста так не накіроўваюць дапамогу атрадам добраахвотнікаў, якія трапілі ў акружэнне — іх “зліваюць”…
Аляксей Арастовіч: Так яно і ёсць. Іх мэтанакіравана “зліваюць”, бо такім чынам прыбіраюць палітычных канкурэнтаў: ні для каго ні сакрэт палітычныя амбіцыі Сямёна Сяменчанкі і падтрымка яго народам. У нас жа выбарчая кампанія пачалася, і вайна выкарыстоўваецца ў інтарэсах выбараў у парламент. Гэта першая прычына таго, што так і не было аб’яўленае ваеннае становішча. А тут раптам Юлія Цімашэнка выйшла з заявай: “Усё прапала! Верце мне — я выратую краіну!” У нас палітыкі цяпер не думаюць пра выратаванне краіны, а клапоцяцца пра вырашэнне перадвыбарчай задачы. Таму і “зліваюць” і Сяменчанку, і ўсіх астатніх.
Еўрарадыё: Але ж паранены Сяменчанка цяпер не ў батальёне, а ў шпіталі ў Днепрапятроўску!
Аляксей Арастовіч: Ну, вось Сяменчанка застанецца, але ўявіце, што загінуць такія знакавыя фігуры, як Парасюк, як Юрый Бяроза, камандзір “Дняпра” — таксама вельмі харызматычная асоба. Ужо відавочна, што батальёны не ўдасца выцягнуць.
Еўрарадыё: Няўжо нават пагроза захопу Марыупаля не прымусіць улады ўвесці ваеннае становішча?!
Аляксей Арастовіч: Аб’явяць ваеннае становішча толькі пасля захопу Марыупаля — не раней. І калі пачнецца імклівы марш у бок Бярдзянска і далей, у бок Крымскага перашыйку. Бо за Марыупалем войскаў няма, няма каму бараніць.
Еўрарадыё: І гэта аўтаматычна анулюе выбары?
Аляксей Арастовіч: Так. І дзякуй Богу. Якія выбары, калі з нашага аналізу вынікае, што рубам стаіць пытанне існаванне незалежнай дзяржавы? Вельмі шкада, што нашы палітыкі нават у хвіліну такой небяспекі не могуць паставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй за свае вузка палітычныя інтарэсы.
Фота: З архіва Аляксея Арастовіча