Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за Расію
Дакументы Дзяніса Лазарава
Украінскія СМІ і ТГ-каналы паведамляюць пра яшчэ аднаго беларуса, які загінуў нядаўна ў баі пад Крынкамі на Херсоншчыне. Паведамляецца, што ён ваяваў на баку расіян.
Публікуюцца і дакументы на імя Дзяніса Аляксандравіча Лазарава. Гэта беларускі пашпарт, вайсковы білет афіцэра запасу Узброеных сіл Беларусі і два чыгуначныя квіткі. Да іх далучаны пагон старшага лейтэнанта з палявой формы.
Па дакументах бачна, што нарадзіўся Лазараў 25 верасня 1976 года ў Гомелі. Аднак вайсковы білет яму выдаў 27 снежня 2022 года ваенкамат Мінскага раёна. І гэта вайсковы білет не дзейнага афіцэра, а афіцэра запасу. У самім дакуменце пазначана, што ў беларускім войску Лазараў служыў з 1995 па 2004 год, звольніўшыся ў запас з пасады намесніка камандзіра роты вайсковай часці 61357.
Такім чынам, заявы ўкраінскіх СМІ пра ўдзел у вайне дзейнага афіцэра Узброеных Сіл РБ выглядаюць сумнеўна. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра чарговага добраахвотніка, які адправіўся ваяваць за "рускі свет".
Прыкладзеныя да дакументаў чыгуначныя квіткі ўзятыя на 9 і 11 студзеня, маршрут паездкі — з Севастопаля ва Ульянаўск з перасадкай у Разані. Можна меркаваць, што Лазараў мусіў неўзабаве пакінуць пазіцыі пад Крынкамі і ехаць па нейкіх справах ва Ульянаўск.
"Наша Ніва" са спасылкай на ўкраінскіх журналістаў піша, што Лазараў ваяваў у складзе 328-га палка адноўленай 104-й дэсантна-штурмавой дывізіі ў званні старшага лейтэнанта. Расійская 104-я дэсантна-штурмавая дывізія дыслакуецца ва Ульянаўску, таму можна меркаваць, што беларускі найміт якраз планаваў перабрацца туды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.