Варашкевіч: Я ніколі не марыў стаць зоркай, але жыць павінен быў бы інакш
У сяброўскай размове з аўтарам тэкстаў "Крамы" Змітром Лукашуком легендарны Ігар Варашкевіч узгадвае мінулае і раскрывае свае прынцыпы жыцця.
Цалкам размову з Ігарам Варашкевічам можна паслухаць:
Рабіць інтэрв'ю з сябрам, якога ведаеш 25 гадоў (нават, відаць, і больш), з якім столькі рэк перайшоў, солі з'еў, труб чуў, вогненнай вады выпіў ― лёгка. Бо столькі пра яго ведаеш. А ён не менш ведае пра цябе. І складана. Бо столькі разам перажылі. Таму, хутчэй, гэта нават і не інтэрв’ю, а так ― сяброўская размова. Размаўляем напярэдадні вялікага сольнага канцэрта “Крамы”, які адбудзецца 30 жніўня ў рэстаране “Сябры”.
Я ніколі не марыў стаць зоркай, быць валадаром розумаў мільёнаў людзей, але жыць я павінен быў бы крыху інакш
Зміцер Лукашук: Я раскажу гэтую гісторыю за цябе: Сядзеў сабе студэнт на падваконні ў калідоры тэатральна-мастацкага інстытута і граў на губным гармоніку нешта блюзавае. Побач праходзіў адзін з удзельнікаў інстытуцкага рок-гурта “Студыя 7”, паслухаў ігру студэнта і запрасіў сыграць у некалькіх песнях. Так Ігар Варашкевіч стаў удзельнікам “Студыі 7”, потым ― “Бонды” і нарэшце ― “Крамы”. Ні разу не было думкі: “Хай бы ты прайшоў міма, і шлях бы мой склаўся зусім па-іншаму!”?
Ігар Варашкевіч: Натуральна, была! І не аднаразова. Думаю, любы чалавек, асабліва творчы, перыядычна думае, што, вось, калі б не было гэтага, то… Але ж менавіта з такіх рэчаў складаецца жыццё. Гэта і ёсць нейкі лёс. Не запрасілі б мяне тады ў “Студыю 7” ― я б паехаў у рэстаўрацыйныя майстэрні ў Гродна, не прыехалі б вы да мяне ў Баранавічы запрашаць у “Краму” пасля развалу “Бонды” ― жыццё пайшло б па адным рэчышчы. Але ж склалася так, як склалася, і перарабіць ты нічога не можаш. І ці патрэбнае тое пераробліванне? Навошта нейкія шкадаванні? Можна шкадаваць толькі пра тое, што крыху вынік атрымаўся не такім, як ён павінен быў бы быць. Ну, не павінен я, як мне падаецца, думаць пра тое, калі нарэшце будзе канцэрт, каб зарабіць капейку, не павінен асцерагацца розных законаў “аб дармаедстве”. Але думаць пра гэта даводзіцца і вось пра гэта можна шкадаваць. Я ніколі не марыў стаць зоркай, быць валадаром розумаў мільёнаў людзей, але жыць я павінен быў бы крыху інакш, чым я жыву. Я павінен займацца мастацтвам і не звяртаць увагі на рэчы, на якія… не павінен звяртаць увагі.
Зміцер Лукашук: Цяпер модна ўзгадаць, “як я стаў беларусам”. Прыгадаеш, як было прынятае рашэнне ў “Студыі 7” спяваць па-беларуску?
Ігар Варашкевіч: Цяжка ўзгадаць канкрэтны дзень, калі гэта адбылося. У той час працаваць з беларускай мовай мне было, як цяпер модна казаць, прыкольна. У мяне быў добры настаўнік у школе ― Зміцер Рыгоравіч Жук, які звярнуў маю ўвагу на мову, за што я яму ўдзячны. І свае першыя песні я пісаў на вершы Роберта Бёрнса і клаў на музыку байкі Кандрата Крапівы. Тады я ўбачыў, што беларуская мова добра кладзецца на музыку, якая мне падабаецца. У інстытуце на хвалі польскіх гуртоў і дзякуючы Сержуку Кнышу, які напісаў добрыя тэксты, усё гэта аформілася ў рашэнне спяваць па-беларуску. Але думаю, гэта проста ў паветры ў той час лунала.
Зміцер Лукашук: Тыя, хто гэту ідэю з паветра выхапіў, неяк гуртаваліся разам, быў у тыя часы такі падзел: вось, “Мроя” спявае па-беларуску ― яны свае, а гэтыя па-руску ці па-англійску ― не свае?
Ігар Варашкевіч: У 1984-85 годзе, калі мы пачыналі, ніякіх рок-клубаў у нас не было, але калі праз пару гадоў яны з’явіліся, то “Бонда”, мне здаецца, у яго не ўваходзіла ― мы былі самі па сабе. Я чалавек такі: люблю быць у адзіноце. А такі вось рокерскі калгас не для мяне. І такіх падзелаў на свой-чужы па мове ў нас не было. Плюс, калі казаць пра таго ж Лявона, то ён маладзейшы за мяне гадоў на 5. Гэта цяпер розніца падаецца невялікай, а тады! Таму мы ніколі не сябравалі. Сімпатыі нейкія былі, але не сяброўства. Да ўсяго, я не разумеў, што стылёва выконвала “Мроя”. Калі б любілі адну і тую ж музыку, маглі разам сыграць на нейкім сэйшане, тады іншая справа. А так, яны гралі сваё, а мы — сваё. Мы ж гралі дастаткова сур’ёзную музыку. Як яно атрымлівалася ― іншая справа, бо адзін хацеў аднаго, другі ― другога, трэці ― трэцяга. У выніку нешта атрымалася, нешта ― не.
Хацелі ўзяць у “Бонду” прафесійнага вакаліста, але такога не знайшлося, і застаўся я
Зміцер Лукашук: Ты адчуваў на той час пільную ўвагу да сябе з боку КДБ, камсамола?
Ігар Варашкевіч: Я гэтага не адчуваў. Ходзяць чуткі, што адзін з удзельнікаў “Студыі 7” быў стукачом у КДБ, але ж дакладна я таго не ведаю. Мяне гэта не закранула. Ды і ўвага КДБ была больш не да беларускамоўных гуртоў, а да хэві-метала. Гэта была для іх галоўная пагроза. Мне падаецца, што яны тады проста не разумелі, што мы спяваем. І па сёння, відаць, не разумеюць.
Зміцер Лукашук: Калі ад рознамоўнай “Студыі 7” адпачкавалася “Бонда”, ты аўтаматычна стаў там вакалістам. Адна справа непрафесіяналу спяваць некалькі песень з рэпертуару, як тое было ў “Студыі” і іншая — быць фронтмэнам. Не займаўся вакалам?
Ігар Варашкевіч: Не. І на пачатку нават былі размовы, каб узяць у “Бонду” прафесійнага вакаліста, але такога не знайшлося, і застаўся я. Трэба было б, напэўна, яшчэ тады заняцца вакалам з якім настаўнікам, але так справа і не дайшла да гэтага. І вось пра гэта цяпер можна шкадаваць. Увогуле, шмат чаго трэба было зрабіць ― вывучыць англійскую мову, браць урокі вакалу, але я па розных прычынах гэтага не рабіў. Адна з іх ― бо я лайдак! Мог бы больш зрабіць, калі б у мяне быў нейкі рухавічок у галаве.
"Бонда"
Прыкалваліся, перакладаючы “крамаўскія” тэксты на рускую мову: “Может это мне просто болезнь спать не даёт по ночам ― я сошёл с ума, и как самоубийца лезу с улыбкой на крышу… Беги, беги, парень!”
Зміцер Лукашук: “Краме” не адзін раз прапаноўвалі пачаць спяваць па-руску, абяцаючы раскрутку ў Расіі. Можа, трэба было пагадзіцца?
Ігар Варашкевіч: Не трэба было. Як на гэта можна было пайсці, калі “твар” “Крамы” неадрыўна звязаны менавіта з беларускай мовай. Памятаеш, як мы прыкалваліся, перакладаючы крамаўскія тэксты на рускую мову: “Может это мне просто болезнь спать не даёт по ночам ― я сошёл с ума, и как самоубийца лезу с улыбкой на крышу… Беги, беги, парень!” І раней, і асабліва цяпер маладыя гурты адмыслова спяваюць па-руску ці па-англійску ў надзеі прабіцца на Захад ці ў Расію. Я разумею, што там вялікі рынак, але мяне гэта ніколі не цікавіла ― мяне цікавіла творчасць. І каб тое, што я раблю, падабалася ў першую чаргу мне. Калі мне зробленае не падабаецца, значыцца, гэта дрэнна. Ды і не хачу я ў Расію ці яшчэ куды ― мяне задавальняе жыццё на роднай зямлі. Грошы можна зарабляць і на сваёй зямлі, як паказвае вопыт той жа Чэхіі, якая значна меншая за Беларусь. І ёсць чэшскія гурты, якія спяваюць на роднай мове, але па ўсім свеце мільённымі накладамі прадаюць свае дыскі. Значыцца, і тут такое магчыма. Мне шмат грошай не трэба, і калі б людзі мелі магчымасць слухаць нашы песні ў тэле- і радыёэфірах, то мы і па Беларусі маглі б катацца з канцэртамі. І мне гэтага было б дастаткова. А дзе нашы песні можна пачуць? Ты ж разумееш, што калі чалавек не цікавіцца, то яго трэба злавіць і пакласці ў рот цукерку. Тады ён, магчыма, і скажа: “Во, я гэтага не ведаў, а гэта добра!”.
"Крама"
Зміцер Лукашук: Можа, у нас у краіне проста прадзюсераў добрых няма?
Ігар Варашкевіч: Яны ёсць. Але там, дзе “бабло”. У нас і раней прадзюсера, апроч брытанца Крыса Маккрэя, з якім нічога, на жаль, не атрымалася, не было. А цяпер і тым больш, прадзюсеры намі наўрад ці зацікавяцца: старыя дзядзькі ― што на іх заробіш!
Зміцер Лукашук: У бок Расіі ты глядзіш непрыязна, а вось па-польску спяваць быў не супраць, нават нешта запісваў у студыі…
Ігар Варашкевіч: Была такая спроба, і мы нейкія спадзяванні на тыя свае паездкі ў Люблін ускладалі. Але былі два моманты: мой акцэнт, ад якога я ніяк не мог пазбавіцца, і трэба было адмовіцца практычна ад усіх музыкаў “Крамы”. Я на гэта не пайшоў. Я люблю сябраваць і працаваць з аднымі і тымі ж людзьмі ― коней на пераправе не мяняю. Я адналюб. І калі ў мяне ва ўласным жыцці нешта не атрымалася, то гэта не значыць, што я аматар бегаць налева і направа.
Ігар Варашкевіч з сынам Янам
Мы граем блюз-рок, народжаную ў Амерыцы музыку, а мне падаецца, што “крамаўская” музыка ўсё адно беларуская
Зміцер Лукашук: Ці ёсць увогуле такая з’ява, як беларускі рок?
Ігар Варашкевіч: Так. Я лічу, што такія гурты, як “Бонда”, “Крама”, “Мроя”, “Уліс”, N.R.M., шэраг іншых з былых часоў і не шматлікая колькасць маладых гуртоў ― гэта менавіта беларускі рок. Ведаеш, цягам апошніх некалькіх гадоў я быў у журы розных конкурсаў: на беларускай мове моладзь практычна не спявае. Бо яны ужо скіраваныя на замежжа, ад пачатку.
Зміцер Лукашук: А што, у гэтым кантэксце беларускасць року вызначае менавіта мова?
Ігар Варашкевіч: Вось, нягледзячы на тое, што мы граем блюз-рок, народжаную ў Амерыцы музыку, мне падаецца, што “крамаўская” музыка ўсё адно беларуская. І тут адбіваецца ўсё: і мова, і тэматыка тэкстаў, і нейкія гарманічныя рэчы. Яны не ідуць наўпрост ад народнай музыкі, але усё адно нешта такое нацыянальнае між волі прабіваецца.
Зміцер Лукашук: Цябе не крыўдзяць словы, што музыка “Крамы” столькі гадоў існавання аднолькавая, няма нейкіх эксперыментаў…
Ігар Варашкевіч: Гэта такое дурноцце! “Ролінгі” ці АС/DC таксама ўсё жыццё граюць адно і тое ж, але іх у аднолькавасці ніхто не вінаваціць. Беларуская неадукаванасць прыводзіць да таго, што людзі не зусім разумеюць, што мы граем. Вы слухайце эмоцыі, прыслухоўваецеся да таго, што музыканты вам хочуць сказаць, а не сачыце за тым, што модна, і не шукайце модных павеваў у свежых альбомах. Хаця, калі паслухаць і параўнаць наш другі альбом “Гэй, там, налівай!” з трэцім “Камендант”, то чуваць, што зусім іншае гучанне, зусім іншы музычны матэрыял ― такое адчуванне, што зусім іншы гурт грае! Такая музыка, якую граем і мы, не змяняецца, але з часам становіцца ўсё больш якаснай. Трэба эксперыментаваць! Уяві сабе, што АС/DC у якасці эксперыменты пачнуць выконваць джаз. Ну, вось Макарэвіч эксперыментуе: то джаз грае, то блатныя альтаначныя песні. Мне гэта не цікава. І Макарэвіч мне сёння больш цікавы як чалавек, які існуе ў нейкім палітычным працэсе.
Пасля падзей на Плошчы 2010 года я напісаў і музыку, і тэкст, які і сёння актуальны, але песня ляжыць незапісаная
Зміцер Лукашук: Ці павінны музыканты браць удзел у нейкіх палітычных працэсах?
Ігар Варашкевіч: Мы з першых прэзідэнцкіх выбараў бярэм удзел у гэтых працэсах: ездзілі тады па Беларусі з канцэртамі “Рок за БНФ”. Таму, я сябе палітыкам не лічу, але жыццё маё з палітыкай звязанае. І мяне заўжды здзіўляюць людзі, якія кажуць: “Мяне палітыка не цікавіць!” Як яна можа цябе не цікавіць, калі ты жывеш у палітычных умовах?! Як “папса”, якая заяўляе, што палітыкай не цікавіцца, але заўсёды абслугоўвае нейкія дзяржаўныя мерапрыемствы.
Зміцер Лукашук: А да цябе журналісты звяртаюцца з просьбай пракаментаваць тыя ці іншыя палітычныя падзеі?
Ігар Варашкевіч: Раней часцяком звярталіся. Але я не вельмі каб хачу даваць такія каментарыі. Па-першае, што казаць, калі і так усё зразумела? Па-другое, постсавецкія людзі прыслухоўваюцца да паэтаў: Шаўчук — паэт, Макарэвіч —паэт, Грабеншчыкоў —паэт, а я не паэт! І я ніколі не меў, як яны, уплыву на мільёны людзей. Нас, можа, тысяч 10 ведае, ці крыху больш. Таму тварам пакалення я быць не магу, і не думаю, што мае словы людзі ўспрымуць сур’ёзна. Ну, зразумела ж, якую я магу займаць пазіцыю па тым, што адбываецца ва Украіне! Зразумела гэта па тым, чым я займаюся ўсё жыццё. А таго ж Міхалка цяпер ведаюць мільёны, ён твар “Хартыі” і хай ён распавядае гісторыі па Маўглі і чырвоных сабак. Не маё гэта ― крычалкі.
Зміцер Лукашук: Ці змянілася тваё стаўленне да творчасці тых людзей, якія выказаліся за “рускі мір”?
Ігар Варашкевіч: Ну, напрыклад, днямі сядзелі з сябрам, а фонам ішоў фільм Кустурыцы пра Кубу. І так, я зусім па-іншаму цяпер гляджу на яго творчасць. І мне пасля яго выказванняў стала цікава: вось, сам ён па-сербску гаворыць, а ці задаў ён сабе пытанне, калі ў Мінск прыязджаў, чаму тут людзі размаўляюць не па-беларуску, а па-руску. Калі б я з ім сустрэўся, я б пра гэта ў яго спытаў.
Зміцер Лукашук: Няма жадання якую злабадзённую песню напісаць?
Ігар Варашкевіч: Не табе мне расказваць, што я тэксты не пішу. Тым не менш, пасля падзей на Плошчы 2010 года я напісаў і музыку, і тэкст, які, безумоўна, трэба рэдагаваць, але які з тых часоў так і ляжыць. Тэкст той і сёння актуальны. А можа, нават і яшчэ больш, асабліва пасля падзей ва Украіне. Я не баюся яе праспяваць, проста не ведаю, ці патрэбна гэта. І як гэта людзі ўспрымуць. Можа, мяне ўспрымаюць выключна такім, якія я ёсць, а тут: “Навошта ён заспяваў нейкі напалову рэп, навошта ён гэта зрабіў?” Халера яго ведае! Да ўсяго, яна больш для супольнага праекта, а цяпер кожны сам па сабе: адны пагадзіліся на тое, што іх “разбаранілі”, іншыя не пагадзіліся. Лявон Артуравіч не пагадзіўся, бо яму так лепш існаваць, а “Крама” пагадзілася. Карацей, актуальная песня ёсць, але ці трэба яе рабіць і як ― яшчэ пытанне. І прычына тут не ў страху, што мяне пасля яе выканання “заграбуць”.
Толькі на пачатку існавання гурты выдаюць па альбому ў год, а потым пачынаюцца перапынкі -- людзі больш асэнсавана падыходзяць да матэрыялу
Зміцер Лукашук: За больш, чым 20 гадоў існавання “Крама” выдала 8 арыгінальных альбомаў, канцэртны альбом з Наваполацка і зборка лепшага ― не мала?
Ігар Варашкевіч: Дастаткова! Толькі на пачатку існавання гурты выдаюць па альбоме ў год. А потым пачынаюцца перапынкі. Людзі больш асэнсавана падыходзяць да матэрыялу. Ну, адзін альбом у нас мог яшчэ быць, дзесьці на пачатку 2000 гадоў мы прапусцілі адзін альбом. Дурны час быў: то людзі сыходзілі-прыходзілі, то забароны-разбароны. Для мяне гэта першае дзесяцігоддзе новага стагоддзя было нейкае незразумелае. Шчыра скажу, цяпер я больш разумею і сітуацыю, і ступень свайго жыцця. Адклала, відаць, свой адбітак і тое, што я шмат гадоў пражыў адзін на вуліцы Народнай…
Зміцер Лукашук: Думаў, ты скажаш: “І таму яшчэ, што ты, гад, тэкстаў не напісаў!”.
Ігар Варашкевіч: Ну, можа і з-за тэкстаў таксама. Але я не хацеў казаць пра гэта ў інтэрв’ю. Прычым — табе ж!
Зміцер Лукашук і Ігар Варашкевіч
Зміцер Лукашук: 30 жніўня ў “Крамы” юбілейны канцэрт, прысвечаны твайму 55-годдзю. Для цябе гэты канцэрт нейкі знакавы, прамежкавы ці шараговы?
Ігар Варашкевіч: Я думаю толькі пра тое, каб гэта быў добры канцэрт, лепшы за папярэднія, а не пра нейкую там мяжу. Мяжа, напэўна, адбылася на альбоме “Белая вада”. Спачатку я планаваў адразу заняцца новым альбомам, але цяпер пачаў вагацца. Бо і новы альбом практычна нідзе не круцяць, нікому акрамя фанаў “Крамы” ён асабліва не патрэбны… Я не думаю, што наступны альбом будзе лепшы за “Белую ваду”, і што ён раптоўна зацікавіць людзей. У мяне шмат песень напісана, але яны больш рок-н-рольна-блюзавыя, і тэксты туды больш падыдуць на англійскай мове. І я мог бы даволі нядрэнна па-англійску праспяваць, але рабіць гэтага не буду. Вось, думаю, можа, нешта сумесна з Алегам “Джагерам” Мінаковым зрабіць, каб ён іх праспяваў. Але ёсць і для “Крамы” як мінімум на два альбомы новых песень! Толькі што пра гэта сёння казаць ― адыграем гэты “юбілейны” канцэрт і будзем думаць, як жыць далей, і што ды калі рабіць.
Фота: Змітра Лукашука і з архіву Ігара Варашкевіча
КРАМА ў ФБ: https://www.facebook.com/gurtkrama/photos_stream