Вінаватымі ў выбухах у Чэхіі названыя расійскія агенты Мішкін і Чапіга

Расійскія агенты "засвяціліся" не толькі ў Вялікабрытаніі

Расійскія агенты "засвяціліся" не толькі ў Вялікабрытаніі / RT

Паліцыя Чэхіі завяршыла расследаванне выбухаў вайсковых складоў ва Врбеціцы, якія адбыліся ў 2014 годзе, паведамляе "Бі-Бі-Сі". Аднак справа прыпыненая, паколькі пераслед вінаватых цяпер немагчымы, заявілі ў Нацыянальным цэнтры барацьбы з арганізаванай злачыннасцю. Расія не супрацоўнічае з чэшскімі праваахоўнымі органамі і не выдае падазраваных для крымінальнага пераследу.

Следчыя даказалі, што выбухі арганізавала расійская вайсковая выведка, а выканаўцамі былі агенты Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін. Яны сталі вядомыя пасля замаху ў Солсберы ў Вялікабрытаніі на Сяргея Скрыпаля і яго дачку.

Было ўстаноўлена, што "расійская вайсковая выведка была датычная да арганізацыі выбухаў і гібелі чэшскіх грамадзян, уключаючы той факт, што гэта была не адзіная падобная акцыя, а частка рэалізацыі праграмы доўгатэрміновай падрыўной дзейнасці расійскай вайсковай выведкі на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза і Украіны".

Выбухі на складах боепрыпасаў ва Врбеціцы адбыліся ў кастрычніку і снежні 2014-га. У выніку загінулі два чалавекі з персаналу. У 2021 годзе чэшская паліцыя заявіла, што аб'явіла ў вышук мужчын з расійскімі пашпартамі, выдадзенымі на імя Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова. Гэтых жа людзей улады Вялікабрытаніі называлі кадравымі супрацоўнікамі ГРУ. У 2018-м з'явілася расследаванне, згодна з якім сапраўднае імя Башырава — Анатоль Чапіга, а Пятрова — Аляксандр Мішкін.

У Крамлі дачыненне супрацоўнікаў ГРУ да выбухаў на складах у Чэхіі і атручвання Скрыпалёў адмаўляюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі