Ворсін: Людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі проста неадэкватныя

“Я лічу, што гэта не заўзятары прыйшлі на матч, а прыйшлі нейкія староннія людзі, якім, па ўсёй верагоднасці, заплацілі грошы. Таму што сярод іх былі і цёмнаскурыя. Незразумела хто ― нейкае рыззё, — выказвае сваё меркаванне кіраўнік беларускай Федэрацыі хакея Яўген Ворсін.Яны стаялі і незразумела што крычалі. І якія дзеянні ў іх выклікалі захапленне ― незразумела. Проста неадэкватныя людзі. Я не лічу, што гэта заўзятары, мяркую, што ніхто на іх увагі не звяртаў. Але мы звярнулі, таму што палічылі: магчыма, гэта нейкая правакацыя, не больш за тое. Але паўтараю, што гэта не заўзятары, гэта ― ангажаваныя кімсьці людзі”.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што з бел-чырвона-белымі сцягамі на трыбуны ўжо пускаць не будуць, так?

Яўген Ворсін: “Я не ведаю, як і ў чым яны іх праносяць. Не ведаю, як будзе працаваць служба бяспекі. Але калі яны іх будуць вывешваць, то іх сапраўды будуць проста выдвараць з трыбун”.

Як стала вядома, заўзець за нашу зборную ў Стакгольм прыехалі актывісты арганізацыі "Беларуская нацыянальная памяць", якая створана ў Польшчы. Старшыня БНП Анатоль Міхнавец патлумачыў, што цёмнаскурыя заўзятары і арабы ― гэта грамадзяне Швецыі, якія ўступіліся за бел-чырвона-белых беларусаў.

Як паведамлялася раней, беларускіх заўзятараў больш не пусцяць на матчы хакейнага чэмпіянату свету з бел-чырвона-белымі сцягамі і гербам “Пагоня”. Пра гэта ў размове з “Радыё Свабода” заявіў генеральны сакратар хакейнага ЧС-2013 Тоні Вірэн.

“У адпаведнасці з правіламі Міжнароднай хакейнай федэрацыі мы не можам дазваляць любыя палітычныя сімвалы, знакі ці нешта падобнае ў месцы правядзення матчаў. Таму мы папрасілі прыбраць гэтыя сцягі”.

Рашэнне прызнаць бел-чырвона-белы сцяг “палітычным знакам” было супольна прынята Міжнароднай федэрацыяй хакея і арганізатарамі чэмпіянату ў Швецыі. Нагадаем інцыдэнт з беларускімі заўзятарамі адбыўся 3 траўня падчас хакейнага матчу Беларусь — Чэхія. Шведская паліцыя спрабавала забраць у беларусаў бел-чырвона-белы сцяг.

Нагадаем, бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” былі дзяржаўнай сімволікай Беларусі з 1991-га па 1995 год. У 2010-м “Пагоня” была ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Што тычыцца гульні з чэхамі, Яўген Ворсін лічыць дзеянні беларусаў у абароне надзейнымі:

"Абедзьве шайбы прапусцілі ў меншасці. Можна было больш моцна згуляць наперадзе, цягам матча было некалькі 100-працэнтных галявых магчымасцяў, якія, на жаль, не выкарысталі. Але я спадзяюся, што ў далейшым будзем імкнуцца да лепшай рэалізацыі". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі