Вяскоўцы з-пад Ляхавічаў вінавацяць фермераў у адсутнасці дажджу

Дождж, ілюстрацыйнае фота

Дождж, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Жыхары вёскі Альхоўцы ў Ляхавіцкім раёне не могуць дачакацца дажджу і вінавацяць ва ўсім фермераў.

Яны звярнуліся ў рэдакцыю газеты "Ляхавіцкі веснік" са скаргай на садаводчае прадпрыемствы "Яблыневы Пасад", у якім ёсць проціградавая ўстаноўка. "Іх гармата пастаянна страляе, адганяе дажджы, якія так патрэбныя агародам!" — заяўляюць вяскоўцы.

Кіраўніцтва "Яблыневага Пасаду" патлумачыла журналістам, што два гады запар яблыні моцна пакутавалі ад граду. Каб абараніць ураджай, прадпрыемства купіла супрацьградавую ўстаноўку "Зеніт". Яе сталі выкарыстоўваць сёлета — і адразу сутыкнуліся з варожасцю з боку мясцовых жыхароў.

"Устаноўка не разганяе дажджавыя хмары, яна ператварае град у звычайны дождж. Мы сочым за надвор'ем на чатырох рэсурсах. І калі бачым магчымыя навальніцы і град, то за 20-30 хвілін да іх пачатку ўключаем ўстаноўку. Праца "Зеніта" заснавана на ўздзеянні паветраных "удараў" на атмасферу. Змешваюцца ніжнія цёплыя пласты паветра з верхнімі халоднымі, адбываецца "стрэл", і град ператвараецца ў дождж", — тлумачыць намеснік дырэктара прадпрыемства Генадзь Кернога прынцып дзеяння супрацьградавай устаноўкі.

Паводле яго, радыус дзеяння сістэмы не перавышае 500 метраў. Ён дадае, што яблыневы сад сам зацікаўлены ў дажджы, бо дрэвы патрабуюць вельмі шмат вады і паліў выходзіць затратным.

"Сёлета прайшлі ўжо чатыры дажджы, і дзякуючы менавіта "Зеніту" атрымалася папярэдзіць град", — дадае Кернога.

Дарэчы, з такімі ж прэтэнзіямі з боку вяскоўцаў сутыкнулася і яшчэ адна фермерская гаспадарка, дзе выкарыстоўваюць супрацьградавую ўстаноўку, — "Уладзімір плюс". Намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Андрэй Навагран мяркуе, што вяскоўцы павінны падзякаваць фермерам, бо проціградавыя ўстаноўкі абараняюць гароды, кветнікі і прысядзібныя ўчасткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі