"Вясёлкавы сцяг Садома": праўладная прапаганда асядлала тэму гамафобіі
Чамусьці Азаронку тэма ЛГБТ асабліва блізкая / Еўрарадыё
Нядаўна Еўрарадыё расказвала пра антысеміцкія матывы ў беларускай праўладнай прапагандзе. Але гэта не адзіная форма нецярпімасці, якую можна сустрэць у іх матэрыялах. Яшчэ прапагандысты — мімаволі, у сілу сваіх асабістых перакананняў або па чыёйсьці прыхамаці — нярэдка апускаюцца да гамафобных выказванняў.
Яны лічаць, што гэта працуе — і ўжываючы ў адным сказе "ЛГБТ" і "бел-чырвона-белы сцяг", можна скампраметаваць пратэсты.
"Прасоўваюць вычварэнствы ў школы"
— Вы бачыце, хто стаіць за ўсёй гэтай рэвалюцыяй у Беларусі? Крывавы Бернар-Анры Леві, багаборац Няўзораў, расійская ліберальная апазіцыя, якая ненавідзіць царкву і моліцца на гурт Pussy Riot. Феміністкі, ЛГБТ, структуры Еўрасаюза, якія перакручваюць нават свята Калядаў, называючы яго "іксмасам", і прасоўваюць вычварэнствы ў школы, — палохае ў эфіры СТБ Рыгор Азаронак.
Азаронак часта звяртаецца да тэмы ЛГБТ. Чамусьці яна яму асабліва блізкая.
— Жнівень гэтага года. Прыгожыя жанчыны ў белым. Яны спяваюць, яны пляскаюць, яны не хочуць нічога дрэннага. Так здаецца неспрактыкаванаму гледачу. Але так было спачатку. А потым паступова там з'явіліся актывісткі ЛГБТ. Таксама скакалі, жартавалі, цалаваліся. А потым актывісткі Femen выйшлі на свае акцыі ўжо без адзення, але з бел-чырвона-белым сцягам, — фантазіруе прапагандыст.
Ён жа расказвае пра "глабальныя сілы" і "ворагаў дзяржаўнасці", якія спрабуюць "раз'яднаць людзей" і "памножыць сям'ю". Як гэта звязана з ЛГБТ? Вельмі проста:
— Таму над светам падымаецца вясёлкавы сцяг Садома. Байдэн называе ЛГБТ найвышэйшай формай дэмакратыі, а потым кладзе руку на Біблію. Відаць, ён забыўся кнігу Лявіт.
Звязвае Азаронак ЛГБТ і з бел-чырвона-белым сцягам — кажа, што той "вярнуўся разам з ЛГБТ і замежнымі куратарамі", ну а акрамя іх — з "баевікамі" і "псіхамі", якія ўжо сталі праверанай класікай беларускай прапаганды.
"Дзеці на ЛГБТ-парадах"
Іншыя праўладныя СМІ радзей палохаюць беларусаў гомасексуаламі. Але і ў іх праскокваюць гамафобныя ноткі. Часам у зусім нечаканых месцах. Напрыклад, пералічваючы выяўленыя ў аднаго з затрыманых "рэчдокі", прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава, а ўслед за ёй і АНТ, згадваюць "літаратуру, якая прапагандуе ЛГБТ-каштоўнасці". Якія злачынствы можа даказваць такая кніга? Тым больш што гаворка ідзе пра брашуру пра правы чалавека...
Вядома, нельга палохаць людзей ЛГБТ, не згадваючы дзяцей.
— Варта сказаць, што для Паўночнай Амерыкі — ЗША, Канады — годам раней усё ж больш актуальнае было пытанне ўдзелу дзяцей у ЛГБТ-парадах. Так, гэта таксама было, — сцвярджалі ў эфіры таго ж АНТ. У жніўні журналісты гэтага тэлеканала правялі на вуліцы апытанне пра стаўленне да ЛГБТ. У падводцы да сюжэта гаварылася, што ў Мінску "як ніколі шмат расійскіх актывістаў ЛГБТ-супольнасці".
А "Беларусь 1", расказваючы пра "законы каляровай рэвалюцыі", згадвае пра "забеспячэнне культурнай гегемоніі", якой нібыта дамагаюцца замежныя сілы.
— Гэта азначае: прымусь чалавека думаць як ты, і ён не зможа табе супраціўляцца. У Штатах з трансфармацыяй свядомасці справіліся галоўныя СМІ краіны. Вы памятаеце, усё пачыналася з талерантнасці, павагі да меншасцяў, апявання ЛГБТ.
"Геі — усюды"
Аўтар "СБ. Беларусь сегодня" Андрэй Мукавозчык таксама не змог абысці геяў бокам.
— Геі — усюды. І адусюль — уся Еўропа з'едзецца святкаваць далучэнне новай, некранутай яшчэ тэрыторыі. Вясёлкава, латэксна, аголена і па-садамісцку, ужо даруйце мне маю французскую, — палохае калумніст.
Рыфмуецца з напісанай у СССР антысеміцкай песняй пра тое, што "вакол адны габрэі", праўда?
Выкарыстоўвае гамафобію і прарасійская прапаганда. І, больш за тое, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі. Вось цытата Андрэя Лазуткіна (між іншым, супрацоўніка прэс-службы Міністэрства адукацыі) з сайта ImhoClub:
— Гэту няхітрую думку можна разгарнуць і далей, напрыклад, беларусы выходзілі на пратэст і са сцягам ЛГБТ, максімальна паглыбляючы сваю салідарнасць. Давайце яго таксама зробім дзяржаўным.
10% галасоў выбаршчыкаў
— Відавочна, што прапаганда, якая прадстаўляе інтарэсы ўзурпатараў улады ў Беларусі, ставіць перад сабой задачу скампраметаваць пратэставы рух, пацвердзіўшы тэзісы "застабілаў" пра варожасць "нашым" каштоўнасцям, дэструктыўнасць, маргінальнасць і "штучную раздзьмутасць пад кіраваннем знешняга ворага", расчараваць чаканні тых, хто сумняецца, і дэмаралізаваць прыхільнікаў перамен, — каментуе Еўрарадыё частае з'яўленне гамафобных выказванняў у прапагандзе ЛГБТ-актывіст Андрэй Завалей.
Тое, што адбываецца, Завалей лічыць магчымасцю для "дэмакратычнай прапаганды" выразна прагаварыць аб прыхільнасці каштоўнасці правоў чалавека. Аднак тут узнікае праблема.
— Але, на вялікі жаль, можна зрабіць выснову, што людзі, якія прымаюць рашэнні ў прадэмакратычным руху, зусім не ўсведамляюць значнасці гэтага водападзелу або свядома яго ігнаруюць, гуляючы на парадак дня "большасці", пераймаючы дзяржаўную прапаганду і мімікруючы пад парадак дня, у якім тэма правоў ЛГБТК-людзей прысутнічае як страшылка, пудзіла або карыкатура.
Мы ЛГБТК-людзі ў Беларусі, якія рэальна існуюць. Нашы праблемы, нашы жыцці ёсць прадметам для маніпуляцый прапаганды ўлады, бо стаўленне грамадства да праблемы дыскрымінацыі, у тым ліку гамафобіі і трансфобіі, — своеасаблівы "каштоўнасны водападзел", які вызначае каштоўнасныя арыенціры. І на нас нацкоўваюць усіх сабак.
У якасці прыкладу Завалей прыводзіць мем пра "лашкоў-петушкоў" або чуткі пра мужчын-палюбоўнікаў аднаго высокапастаўленага чыноўніка, якія цыркулююць у тэлеграме. Атрымліваецца, што і сярод прыхільнікаў перамен ёсць людзі, якія лічаць, што гомасексуальныя сувязі — гэта кампрамат.
— На вайне ўсе сродкі добрыя? — абураецца Андрэй Завалей. — Я так не думаю, таму што ЛГБТК-людзі і іх блізкія ў Беларусі — гэта як мінімум дзесяць адсоткаў галасоў. Хочаце, каб галасы лічылі? Можаце пачаць проста зараз ставіцца да дзесяці адсоткаў выбаршчыкаў з належнай павагай. Глядзіш, і яны падцягнуцца з падтрымкай вашай праграмы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.