Вынікі года: пратэсты ў Іране, спаленая мэрыя ў Казахстане і "захоп" Рэйхстага
Гэта традыцыйны агляд галоўных сусветных падзей ад Еўрарадыё. Але не такі кароткі, як звычайна / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Гэта традыцыйны агляд галоўных сусветных падзей ад Еўрарадыё. Але не такі кароткі, як звычайна. У ім мы раскажам вам пра галоўныя сусветныя навіны гэтага года, якія вы маглі прапусціць або на якія вы маглі забыцца.
Вайны ва Украіне ў гэтым аглядзе не будзе — таму што ні прапусціць яе, ні забыць пра яе немагчыма.
Дзе сёлета спалілі былую рэзідэнцыю?
Новы год пачаўся з пратэстаў у Казахстане. Гэта было да вайны ва Украіне, таму здаецца, што не ў гэтым годзе, праўда? Але паглядзіце на гэтае фота — і вы ўсё ўспомніце.
Другога студзеня пратэстоўцы выйшлі на вуліцы горада Жанаазена, перакрылі дарогі і запатрабавалі спыніць павышэнне цэн на газ. У Казахстане газ у балонах — літаральна сродак выжывання, і двухразовы рост цэн на такі базавы прадукт выклікаў сур'ёзныя хваляванні. Ну, як хваляванні: у Алма-Аце спалілі былую прэзідэнцкую рэзідэнцыю, мэрыю і захапілі аэрапорт.
Тады ў эфіры Еўрарадыё аналітык Ігар Тышкевіч тлумачыў: "Казахстан — гэта "аўтакратыя з багатымі нетрамі". Чаму людзі трымалі ў руках плакаты з заклікам "Дзед, сыходзь!", калі Нурсултан Назарбаеў на той момант ужо тры гады не быў прэзідэнтам? Таму што нафтагазавы сектар курыравалі два зяці Назарбаева.
Для беларусаў у гэтай гісторыі асабліва цікава, як улады Казахстана шукалі агульную мову з пратэстоўцамі. Якія, нагадваем, палілі не толькі шыны, але і мэрыю.
З аднаго боку, прэзідэнт Касым Такаеў адключаў Інтэрнэт, казаў, што сярод пратэстоўцаў ёсць "баевікі", а некаторыя "праўдзівыя паказанні" перадавалі па тэлевізары. З іншага, ужо на трэці дзень пратэстаў улады заявілі, што знізяць цэны на звадкаваны газ у адной з абласцей, а сам Такаеў выступіў з відэазваротам да пратэстоўцаў.
Вынікі: на пратэсты забыліся, пра Такаева памятаюць іншае. Сёлета, у прысутнасці Уладзіміра Пуціна ён адмовіўся прызнаць так званыя ЛНР і ДНР і назваў іх квазі-дзяржавамі. Гэта моцнае ўражанне сцерла дазвання з памяці ўспаміны пра пратэсты, праўда?
І многія не заўважылі, што да канца года Казахстан застаўся лайт-версіяй аўтарытарнай сістэмы, кажа ў інтэрв'ю ВВС казахстанскі палітолаг Дасым Сатпаеў. Дзе прэзідэнт сёлета правёў датэрміновыя выбары і легалізаваў сваё знаходжанне на пасадзе яшчэ на сем гадоў.
Хто ўладар басейна
Памятаеце пратэстоўцаў, якія захапілі прэзідэнцкі палац, а з ім і прэзідэнцкі басейн? Нагадваем, гэтыя яркія кадры былі знятыя ў Шры-Ланцы.
Пратэстоўцы ў прэзідэнцкім басейне / AP
Вясна там пачалася пратэстамі. У сталіцы Каломба людзі выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць недахопу паліва, лекаў і тавараў першай неабходнасці. Урад абвінавачваў у праблемах COVID, а пратэстоўцы — урад. Яны лічылі, што прэзідэнт Гатабая Раджапакса кіруе краінай неэфектыўна, пісала ВВС. Гэта значыць, мала прадае — і шмат купляе.
Такая розніца ў экспарце і імпарце і справакавала эканамічны крызіс. Самы глыбокі з часоў здабыцця краінай незалежнасці ў 1948 годзе.
Праз некалькі месяцаў пратэстаў людзі пайшлі на штурм прэзідэнцкага палаца. Яны патрабавалі адстаўкі прэзідэнта і прэм'ер-міністра. І палову жаданага ўдалося атрымаць — прэзідэнт Раджапакса збег з краіны. Дрэнная навіна для пратэстоўцаў была ў тым, што яго месца заняў прэм'ер, вядомы цеснымі сувязямі са збеглым прэзідэнтам.
Пакуль прэзідэнт і прэм'ер мяняліся месцамі, інфляцыя перавысіла 50%. Людзі па-ранейшаму змагаліся са штодзённымі адключэннямі святла, нестачай прадуктаў і прадметаў першай неабходнасці.
А што цяпер? Па звестках ЮНІСЕФ, больш за 50 тысяч дзяцей на Шры-Ланцы недаядаюць, пятая частка школьнікаў не можа дазволіць сабе сняданак. На днях ВВС так расказвала пра становішча ланкійскіх сельскіх жыхароў:
— У нас два прыёмы ежы на дзень. Адно і тое ж: рыс з бульбай або сачавіцай. Мы не можам дазволіць сабе нічога іншага.
Наогул, калі вам патрэбныя былі ілюстрацыі паспяховых і эфектыўных акцый пратэсту ў гэтым годзе — фота з захопам прэзідэнцкага басейна лепш не выкарыстоўваць.
Іран падзяліўся на "да" і "пасля"
У яе забралі тэлефон, абвінавацілі ў кіраўніцтве тэлеграм-чатам і выклалі расшыфроўкі тэлефонных размоў з сябрамі, якія былі палітычнымі актывістамі. Гэта не тое, пра што вы падумалі. Гэта пачатак гісторыі адной з тысяч затрыманых у Іране.
Сёлета пратэсты ахапілі ўсю краіну. Усё пачалося са смерці маладой дзяўчыны Махсы Аміні, якую паліцыя нораваў арыштавала нібыта за няправільнае нашэнне хіджаба. Пасля затрымання Аміні правяла некалькі дзён у коме — і не вярнулася да жыцця, расказвала ВВС.
17-гадовы брат Махсы Кіяраш быў побач з дзяўчынай, калі яе затрымалі. Ён запэўнівае, што бачыў, як сястру збівалі.
"Яго таксама збілі, парвалі вопратку. Я прасіў у іх паглядзець запіс з нацельных камер паліцэйскіх, а мне сказалі, што ў камерах у той момант села батарэйка", — кажа ВВС бацька Махсы Амджад Аміні.
Іранская паліцыя заяўляла, маўляў, дзяўчыну не білі, у яе нібыта здарыўся раптоўны сардэчны прыступ. Але бацькі Махсы запэўніваюць, што ў яе ніколі не было праблем з сэрцам. Бацьку перад пахаваннем дазволілі ўбачыць толькі ступні ног і твар дачкі. І ён кажа, што на ступнях Махсы Аміні былі сінякі.
Іранцы паверылі бацькам дзяўчыны, а не паліцыі нораваў. Спачатку ў сетцы з'явілася відэа, на якім дзяўчаты зрывалі з сябе хіджабы і размахвалі імі ў паветры. А адразу пасля пахавання ўспыхнулі пратэсты. Па звестках ААН, якія прыводзіць Deutsche Welle, іранскія ўлады за гэтыя месяцы затрымалі больш за 14 тысяч чалавек.
Калі ў першыя тыдні ўвага ўсяго свету была прыкаваная да Ірана праз пратэсты, то ў наступныя — праз пакаранні смерцю, якія пачаліся ўслед за імі. У снежні Іран заявіў, што прывёў у выкананне другі смяротны прысуд, звязаны з пратэстамі, пісала ВВС. З дня арышту да пакарання прайшло 23 дні.
Дырэктар арганізацыі па правах чалавека ў Іране, якая базуецца ў Нарвегіі, Махмуд Амір-Могхаддам лічыць, што існуе рызыка масавых пакаранняў смерцю. І пакуль незразумела, ці пакладуць канец публічныя пакаранні смерцю іранскім пратэстам — ці наадварот.
Некаторыя прэзідэнты, такія як Эбрахім Раісі, прапускаюць момант, калі яны перастаюць быць "проста таксічнымі".
Еўропа адным радком
Руская прапаганда напярэдадні святаў перажывае пік творчай актыўнасці і множыць відэаролікі пра нягоды жыцця ў Еўропе. Але энергетычны крызіс не быў адзінай праблемай, якую вырашаў ЕС у гэтым годзе.
Нагадаем коратка, чым жыла Еўропа. У Вялікабрытаніі за год на чале ўрада пабывалі тры прэм'ер-міністры: Борыса Джонсана змяніла Ліз Трас, а яе — Рышы Сунак. На траіх за час прэм'ерства яны здзейснілі чатыры паездкі ў Кіеў, больш за ўсіх — Джонсан. Трас не паспела прыехаць у Кіеў — яе занадта хутка замяніў Сунак, але з першых дзён на пасадзе планавала гэтую паездку.
Travelling to Kyiv today to meet President @ZelenskyyUa for talks.
— Boris Johnson (@BorisJohnson) February 1, 2022
As a friend and a democratic partner, the UK will continue to uphold Ukraine's sovereignty in the face of those who seek to destroy it. pic.twitter.com/qmKBmNJhhx
У Францыі тое-сёе трывае стабільна: прэзідэнтам зноў выбралі Эмануэля Макрона. А тое-сёе новае: у правай партыі "Нацыянальнае аб'яднанне" новы лідар, і гэта ўпершыню не Ле Пен. З першага дня заснавання партыяй кіраваў Жан-Мары Ле Пен, потым яго змяніла яго дачка Марын. А цяпер яна саступіла сваю пасаду маладому палітыку Жордану Бардэла.
Бардэла — не адзіны палітык, хто з дзяцінства за правых. Сёлета Італія абрала новага прэм'ера — Джорджу Мэлані. Яе называюць самым правым прэм'ерам Італіі з часоў Мусаліні.
І на гэтым "правыя" навіны з Еўропы не сканчаюцца. У Швецыі перамагла кааліцыя правых партый, у якую ўпершыню ўвайшла і вельмі правая антыэмігранцкая партыя. Прэм'ер-міністарка Магдалена Андэрсан пасля гэтага падала ў адстаўку, паведамляла ВВС.
Заканчваюцца правыя навіны з Еўропы змовай. Група ультраправых і былых вайскоўцаў на чале з прынцам хацелі захапіць Рэйхстаг, пісала ВВС. Змову раскрылі, падазраваных затрымалі. Сцэнарысты Netflix зажурыліся, калі зразумелі, што ні за што не выдумалі б нічога падобнага.
Каляды з каралём
Сёлета не стала каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы II, якая ўладарыла даўжэй за ўсіх сваіх папярэднікаў. Яе падданыя адзначылі ў гэтым годзе плацінавы юбілей праўлення манарха — 70 гадоў на троне, а 8 верасня развіталіся з каралевай.
Упершыню за 70 гадоў да брытанцаў на Каляды звярнулася не Лізавета II, а яе сын, новы брытанскі кароль Карл III.
"Ва ўсімі любімай песні "О, маленькі гарадок Віфлеем" мы спяваем пра тое, як "на цёмных вуліцах ззяе вечнае святло". Вера маёй маці ў сілу гэтага святла была неад'емнай часткай яе веры ў Бога, а таксама яе веры ў людзей, і я падзяляю яе ўсім сваім сэрцам. Гэта вера ў незвычайную здольнасць кожнага чалавека з дабрынёй і спачуваннем кранаць жыццё іншых і прамяніць святло ў навакольны свет", — цытуе караля Брытаніі CNN.
Нам здаецца, што гэтыя словы адрасуюцца не толькі брытанцам, і таму мы дапаможам брытанскаму каралю перадаць іх свету. Прынамсі, свету чытачоў Еўрарадыё.
Навошта чытаць нашыя агляды?
Калі не можаш большага, хаця б не пераставай выказваць заклапочанасць. Інакш будзе як з Афганістанам: ледзь толькі ў сусветнай супольнасці перастала хапаць рэсурсу ўвагі на Кабул, як Талібан забыўся на тое, што збіраўся быць новым і прагрэсіўным.
Таму кожны тыдзень мы расказваем вам пра самыя страшныя і важныя падзеі ў свеце. Але ўсведамляем, што эмпатыя не бясконцая, таму заўсёды разрэджваем паток гэтых вар'яцкіх навін хоць бы адной добрай.
І гэта галоўны плюс міжнародных аглядаў: калі вам здаецца, што вакол не адбываецца нічога добрага, паспрабуйце пашырыць геаграфію пошуку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.