Выступаючы ў NATO, Ціханоўская заклікала разрозніваць беларусаў і рэжым

Сустрэча жанчын-лідарак падчас саміту NATO / t.me/tsikhanouskaya
Сустрэча жанчын-лідарак падчас саміту NATO / t.me/tsikhanouskaya

Існаванню Беларусі пагражае Расія і нелегітымны рэжым у Мінску. Пра гэта казала ў сваім выступе Святлана Ціханоўская на сустрэчы жанчын-лідарак падчас саміту NATO. Гэтае мерапрыемства ўвайшло ў асноўную праграму віленскага саміту.

У сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнтка парламенцкай асамблеі NATO, міністаркі замежных справаў і абароны з 16 краінаў свету, віцэ-прэм’ерка Украіны і спікерка літоўскага парламента, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

У сваім выступе Ціханоўская заклікала падтрымаць Беларусь і разрозніваць беларускі народ і рэжым: "Не варта выпускаць з-пад увагі і сітуацыю ў Беларусі. Не толькі з-за гуманітарнай катастрофы, з якой мы сутыкаемся. Але і таму, што пад пагрозай само існаванне нашай краіны. І гэтая пагроза сыходзіць ад Расіі і нелегітымнага рэжыму ў Мінску".

Яна нагадала пра планы размяшчэння ў Беларусі расійскай ядзернай зброі і наймітаў ПВК "Вагнер". Гэта, на думку Ціханоўскай, можа замацаваць расійскую прысутнасць у краіне на гады наперад.

"Беларусы не падтрымліваюць расійскае панаванне. Беларусы за Украіну і за еўрапейскую будучыню. Таму вельмі важна падзяляць беларускі народ і рэжым", — прыводзіць словы Ціханоўскай яе прэс-служба.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі