Як фэйкі рвуцца на Еўрарадыё: Румас ідзе ў прэзідэнты, а КДБ захоплівае пошту
Фэйкавыя навіны, прапаганда і дэзынфармацыя / spotlight-newspaper.co.uk
Праз форму на сайце Еўрарадыё чытачы расказваюць нам пра праблемы і падказваюць тэмы, якія іх хвалююць. Мы звярнулі ўвагу на дзіўнае падабенства некаторых паведамленняў. Хтосьці рэгулярна спрабуе пераканаць нас тыражаваць чуткі з прарасійскіх ТГ-каналаў і асвятляць адносіны Беларусі і Расіі ў пэўным ключы.
Вось некаторыя такія "падказкі":
Нам пішуць "чарнасоценцы", якія хочуць даць інтэрв'ю пра паглыбленую інтэграцыю, і ўладальнікі каштоўнай інфармацыі пра падрыхтоўку замаху на Зяленскага ў Мінску. Хтосьці спяшаецца звярнуць нашу ўвагу на былых супрацоўнікаў КДБ, якія занялі кіраўнічыя пасады ў Гродзенскай вобласці. Практычна кожны сюжэт цягне на дэтэктыўны раман. Ну ці хоць бы апавяданне. Мы прачыталі іх усе і зрабілі падборку. Бо веданне таго, у чым нас неадчэпна хочуць пераканаць, дапамагае адрозніваць праўду ад хлусні.
За Румаса — Масква, і ён пойдзе на выбары
У пачатку траўня ў інтэрнэце з'явілася петыцыя на change.org з просьбай да Сяргея Румаса вылучыцца ў кандыдаты ў прэзідэнты. На сёння яна сабрала амаль 900 подпісаў. Дакладна такая ж петыцыя з'явілася ў сацсетцы vk.com, там пад ёй не падпісалася і 90 чалавек. Але ананімны чытач ужо спяшаецца да нас з лістом:
"Бачылі, што за Румаса збіраюць подпісы ўжо на некалькіх пляцоўках? Кажуць, учора гэта вусатага моцна ўзлавала. А на парадзе пра гэта шапталіся чыноўнікі на адной трыбуне. Кажуць, за Румаса — Масква, і ён пойдзе на выбары".
Да абвяшчэння даты выбараў тэма Румаса-кандыдата перыядычна ўсплывала ў каляпалітычных тэлеграм-памыйніцах, якія паразітуюць на беларускім парадку дня і зарабляюць фэйкамі і псеўдааналітыкай. Пра Румаса-кандыдата напісаў шырока вядомы "Регнум", назваўшы артыкул "Румас можа змяніць Лукашэнку на пасадзе прэзідэнта Беларусі". І "Витебский курьер".
Што мы бачым у выніку? Прэм'ер-міністра Беларусі і блізка не было сярод 55 вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты.
Замах на Зяленскага ў Мінску
Нехта хацеў праінфармаваць Еўрарадыё пра падрыхтоўку замаху на Уладзіміра Зяленскага. Нібыта расійскія спецслужбы збіраюцца зрабіць замах на жыццё прэзідэнта Украіны 10 траўня 2020 года ў Мінску. Цана інфармацыі засталася неназванай.
Зяленскі ў траўні ў Мінск не прыехаў, праверыць інфармацыю з паведамлення суровай рэальнасцю не атрымалася. Але ўсё-ткі штосьці нам падказвае, што яна — фэйк. Бо ў якасці свайго кантакту крыніца пакінула электронную пошту кампаніі "РеПерКом", якая прадае бульбу і капусту. Відаць, аўтар той яшчэ аматар "капустачкі".
Расійскія войскі ў Беларусі
У канцы красавіка на тэлеграм-канале "Бульба престолов" і ў шэрагу сумнеўных сайтаў накшталт "Империи", "Бортового журнала" і "Новостей ВПК" з'явілася публікацыя пра тое, што ў Гомельскай вобласці будуць працаваць расійскія спецыялісты па РХБ-абароне. І што атрымалася?
Ананімы не на жарт расхваляваліся. "Як гэта разумець і як наш урад, не давёўшы да нашага ведама, прымае такія рашэнні? Я не супраць дапамогі, асабліва ў барацьбе з эпідэміямі, катастрофамі, але неяк дзіўна ўсё гэта адбываецца: усё ўтойваецца, хаваецца, а кажуць потым постфактумам. Давайце з вашай, можа, дапамогай разбяромся ў гэтай сітуацыі, калі трэба, звернемся да ўладаў, створым петыцыю", — напісала ўсхваляваная чытачка Еўрарадыё.
Для праўдападобнасці ў паведамленні згадана прэс-служба Гомельскага аблвыканкама. Нібыта там расказалі, што "ў рамках барацьбы з каранавірусам на тэрыторыю Беларусі расійскія вайскоўцы прыбудуць са сваёй штатнай тэхнікай і сродкамі аховы. Размяшчацца яны будуць у спецыяльна абсталяваных лагерах на тэрыторыі Добрушскага раёна, перамяшчаючыся пры неабходнасці для правядзення работ у іншыя месцы. Падраздзяленні забеспячэння, паводле наяўнай інфармацыі, ужо прыступілі да ўстаноўкі намётавых мястэчак".
У беларускім Міністэрстве абароны зняпраўдзілі гэтую інфармацыю.
Бітва пракрамлёўскіх прапагандыстаў
Ананімныя добразычліўцы спрабуюць уцягнуць нас у асвятленне канфлікту паміж пракрамлёўскімі прапагандыстамі праз грошы, цэнзуру і адданасць "саюзнай" справе. Нам падкідваюць гісторыю пра тое, як некаторыя дзеячы інфаполя ў Беларусі пілуюць бюджэты на прасоўванні ў Беларусі расійскага і інтэграцыйнага парадку дня. Хоць тэлеграм-скандал вакол праекта "САНАР-2050" адгрымеў яшчэ ў 2019 годзе, хтосьці вельмі хоча, каб мы да яго вярнуліся.
Чаму кіраўнік Удмурціі не прыехаў на форум у Мінску?
У лютым у Мінску прайшоў форум "Дні Удмурціі ў Беларусі", на якім чакалася прысутнасць кіраўніка расійскай рэспублікі. Але Аляксандр Брачалаў не прыехаў. Ананімны чытач даслаў свае падазрэнні на гэты конт і пераказаў кулуарныя чуткі:
"Я быў учора ў прэзідэнт-гатэлі на бізнес-форуме Удмурціі. Дык ведаеце, што там казалі? Павінен быў прыехаць кіраўнік гэтага рэгіёна Брачалаў, і ў яго сустрэча з нашым прэзідэнтам была, і гэта ўсё шырока анансавалася ў СМІ. А ведаеце, чаму не прыехаў? У кулуарах на форуме ўдмурты казалі, што іх кіраўніка не адпусцілі на сустрэчу з нашым кіраўніком".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.