Як выклікаць адлоў, калі ў вашым раёне пасялілася зграя бадзяжных сабак
Фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыі / aif.md
У атэльера Вольгі Станеўскай знікла кошка Буба. Яе шукаюць ужо тыдзень. Суседзі кажуць, што кошку магла загрызці зграя сабак, якія пасяліліся на пустцы недалёка ад пасёлка.
Не спыняючы пошукаў, Вольга задумалася пра тое, што рабіць са зграяй бяздомных сабак. Раптам аказалася, што адлоў абыдзецца ў круглую суму! Хоць грошы — нават не галоўная праблема:
"Прыязджаў старшыня сельсавета, — піша Вольга на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. — Сказаў, што мы самі павінны выклікаць адлоў, да гэтага прыкарміўшы сабак да пэўнага месца. Таму што ніхто іх бегаць лавіць не будзе. Адлоў, гэта значыць ДП "Фаўна горада", па тэлефоне абвясціў лічбу прыкладна ў 1500 рублёў. Там пацвердзілі, што бегаць за сабакамі [ніхто] не будзе і што выезд, кіламетраж і пагадзінную аплату мы ўсё адно ім заплацім, [нават] калі сабак не будзе на месцы. Адсюль выснова — мы павінны арганізаваць сабак, абвясціць ім загадзя месца і час, каб яны з'явіліся з рэчамі".
"Фаўна горада" працуе ў Мінску з 2004 года. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства, і адлоў бадзяжных катоў і сабак адносіцца да яго непасрэдных функцый. Мінчане "Фаўну горада" недалюбліваюць: бо бываюць сітуацыі, калі бяздомнага ката падкормліваюць усім пад'ездам, а потым ён раптам аказваецца ў прытулку на вуліцы Гурскага, 42...
У сітуацыі з Бубай жыхары былі б рады ўмяшанню "Фаўны горада". Але адкуль узялася сума $700? Мы патэлефанавалі на прадпрыемства, каб даведацца, на якіх умовах можна арганізаваць адлоў зграі сабак, якія палохаюць жыхароў раёна.
— Ад фізічных асоб мы заявак на адлоў не прымаем — нам патрэбна афіцыйная заяўка ад ЖЭС ці арганізацыі, да якой належыць тэрыторыя, — адказваюць Еўрарадыё ў "Фаўне горада". — Фізічная асоба павінна звярнуцца ў камунальную службу па нумары 115. Трэба назваць канкрэтны адрас, дзе бегаюць гэтыя сабакі. Патрэбен нумар дома.
— А калі сабакі бегаюць у розных месцах?
— Калі жыхары раёна бачылі сабак у розных месцах, трэба назваць адрас і пазначыць "+ па ўсёй тэрыторыі раёна". Лаўцы прыедуць і будуць шукаць сабак. Фізічная асоба нічога пры гэтым не плаціць. Паслуга платная для юрыдычных асоб: арганізацыі, да якой належыць тэрыторыя, або ЖЭС.
Як аформіць заяўку?
У ЖЭСе нам пацвярджаюць, што фізічная асоба не абавязана плаціць за выклік "адлову".
— Каб зарэгістраваць свой зварот, вы павінны патэлефанаваць нам, — тлумачыць спецыяліст службы Вольга. — Мы афіцыйна зарэгіструем заяўку і перададзім яе вашаму ЖЭА. Работнікі ЖЭА абследуюць тэрыторыю. Калі яны пераконваюцца, што такая праблема сапраўды існуе, то перадаюць інфармацыю ДП "Фаўна горада", з якім у іх заключаны дагавор на адлоў бадзяжных жывёл. Плаціць ЖЭА. Для простага жыхара заяўка бясплатная.
У камунальнай службе таксама паведамілі: калі чалавек, якога палохаюць бадзяжныя сабакі на вуліцы, не жадае пазначаць у заяўцы сваё імя, яе можна аформіць ананімна. Так ці інакш, яе ўсё роўна перададуць у абслуговую арганізацыю.