Ярмошына: Ніякіх прычын праводзіць прэзідэнцкія выбары датэрмінова няма
Дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі пераносілі толькі аднойчы і тады прычына была сур’ёзная — "дачны сезон".
Чарговыя ж прэзідэнцкія выбары садова-агародным працам беларусаў ніякім чынам не зашкодзяць і таму ў правядзенні іх датэрмінова няма ніякай патрэбы. Так старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына адрэагавала на заявы пра магчымасць пераносу даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў на 2014 год.
Вось што Лідзія Ярмошына распавяла Еўрарадыё:
“Найперш, у гэтым няма ніякай патрэбы. А па-другое — у чым сэнс правядзення датэрміновых выбараў? У нас яны так бы мовіць датэрмінова, на тры месяцы пераносілася дата правядзення, выбары праводзіліся толькі аднойчы — у 2006 годзе. Калі з лета выбарчую кампанію перанеслі на вясну. Але гэта тлумачылася сезоннасцю. Таму, ніякіх падставаў для пераносу дадзенай выбарчай кампаніі на больш ранні тэрмін няма — ні юрыдычных, ні фактычных”.
Нагадаем, днямі лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў не выключыў пераносу прэзідэнцкіх выбараў з 2015-га на 2014 год. "Гэта можа быць выгадна Лукашэнку", — лічыць Някляеў.
У сваю чаргу Лідзія Ярмошына ніякай выгады ў такім пераносе для кіраўніка краіны не бачыць. І пацвярджае: жнівень 2015 года — гэта пачатак чарговай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. А самі выбары павінны прайсці не пазней за 20 лістапада 2015-га.
Ярмошына патлумачыла, чаму казала сенатарам пра “прыгожы ружовы сіроп”
Фота — bymedia.net